Ва Ўкраіне ў рамках крымінальнай справы дасьледуюць факты абстрэлаў Ровеншчыны з тэрыторыі Беларусі

Украінскія вайскоўцы ўмацоўваюць мяжу зь Беларусьсю ў Ровенскай вобласьці. 13 лютага 2023. Ілюстрацыйнае фота

У выніку абстрэлаў з боку Беларусі і зь беларускай тэрыторыі зьнішчаны аб'екты інфраструктуры, школа і лякарня.

Ровенская абласная пракуратура і абласное упраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны расьсьледуюць крымінальную справу па факце замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны на падставе шматлікіх фактаў абстрэлу тэрыторыі з боку Беларусі.

У прыватнасьці, у матэрыялах справы задакумэнтавалі мінімум 10 фактаў ракетных абстрэлаў і атак бесьпілётнікамі, учыненых з боку Беларусі і зь беларускай тэрыторыі 26 і 27 лютага (два абстрэлы ў гэты дзень), а таксама 2, 11, 13, 14 (два абстрэлы ў гэты дзень), 18 і 23 сакавіка 2022 году населеных пунктаў Вараскага, Сарненскага і Ровенскага раёнаў вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея дронамі зьнішчыла нафтабазу на Ровеншчыне і заявіла аб спробе Ўкраіны атакаваць бесьпілётнікамі расейскія рэгіёны

У выніку гэтых абстрэлаў былі зьнішчаныя аб’екты нерухомасьці і цывільнай інфраструктуры, у тым ліку адна школа, адна мэдычная ўстанова, лініі электраперадач і энэргетычныя аб’екты, адно сельскагаспадарчае прадпрыемства, некалькі прыватных і шматкватэрных дамоў.

У часе дасудовага расьсьледаваньня сьледчыя агледзелі месцы абстрэлаў, дапыталі 23 сьведак і 7 грамадзян, якія пацярпелі ў выніку гэтых абстрэлаў. Цяпер прызначылі 5 комплексных экспэртыз, якія мусяць вызначыць выбуховыя рэчывы і выбуховыя прылады, паходжаньне нафтапрадуктаў, а таксама нанесеную шкоду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ паведамілі падрабязнасьці справы беларуса, затрыманага за перадачу КДБ сакрэтнай інфармацыі

Пакуль што справу расьсьледуюць паводле фактаў абстрэлаў. Падазраванага ў гэтых злачынствах яшчэ ня вызначылі і не выстаўлялі яму падазрэньні.

Сьледчыя разьлічваюць, што вынікі экспэртыз дапамогуць вызначыць абставіны крымінальных правапарушэньняў і асобаў, датычных да іх учыненьня. Сьледзтва мусіць завершыцца да 27 жніўня 2024 году.

Справу завялі 27 лютага 2022 году, на трэці дзень расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, і цягам яе расьсьледаваньня дадавалі ўсе факты абстрэлаў з боку Беларусі і беларускай тэрыторыі. Сьледзтва мусілі завяршыць сёлета 27 жніўня, але ў сувязі са складанасьцю справы і незавяршэньня неабходных экспэртыз яго падоўжылі яшчэ на адзін год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна паставіла больш назіральных пастоў на мяжы зь Беларусьсю і працягвае заміноўваць памежжа

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.