Першая — «Айчына», якая мае падзагаловак «Ад Агінскага да Багушэвіча» і ахоплівае гісторыю Беларусі XIX стагодзьдзя. Гэта працяг кнігі «Айчына», выдадзенай некалькі гадоў таму («Ад Рагнеды да Касьцюшкі») з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава.
Другая — зборнік выбранай лірыкі Арлова, укладзены Лявонам Баршчэўскім.
Абедзьве кнігі выйшлі ў выдавецтве Kamunikat.org.
Прадстаўляючы «Айчыну», Уладзімер Арлоў нагадаў погляды на гісторыю, выказаныя ў свае часы рознымі аўтарамі:
«Мне блізкі падыход аўстрыйскага пісьменьніка Стэфана Цвайга, які сказаў, што гістарычная падзея завяршаецца не тады, калі яна скончаная, а калі пра яе напісалі і калі яна зрабілася часткай гістарычнай памяці», — сказаў пісьменьнік і адзначыў, што менавіта ў гэтым ён бачыць сваю цяпершанюю місію.
Уладзімер Арлоў распавёў праскім беларусам пра малавядомыя эпізоды беларускай гісторыі, зьвязаныя ў тым ліку з паўстаньнем Кастуся Каліноўскага, а таксама прачытаў выбраныя вершы з новай кнігі паэзіі і падпісаў свае кнігі праскім беларусам.