Памежныя службы Літвы, Латвіі і Польшчы абмеркавалі альгарытмы дзеяньняў на выпадак поўнага закрыцьця межаў зь Беларусьсю

Беларуска-літоўская мяжа, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Магчымыя сцэнары на выпадак прыняцьця палітычнага рашэньня аб поўным закрыцьці мяжы зь Беларусьсю і Расеяй абмеркавалі ў рэжыме відэаканфэрэнцыі кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў, кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс і камэндант Памежнай аховы Польшчы Томаш Прага.

Паводле інфармацыі літоўскага памежнага ведамства, суразмоўцы абмяняліся думкамі пра «сытуацыю на мяжы, пагрозы кожнай краіне, рэагаваньне на іх і спосабы іх прадухіленьня».

Кіраўнікі памежных службаў канстатавалі, што «наплыў нелегальных мігрантаў зь Беларусі, які доўжыцца ўжо трэці год, і дысьлякаваныя там найміты групы „Вагнэр“» — гэта пагрозы, зь якімі іх краіны «мусяць змагацца разам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы заявілі, што мяжу зь Беларусьсю цалкам закрыюць у выпадку агрэсіі з боку ПВК «Вагнэр»
  • Апоўначы 18 жніўня Літва закрыла пункты пропуску Шумск (Лоша) і Цверач (Відзы) на мяжы зь Беларусьсю. Адпаведнае рашэньне Сейм Літвы прыняў у сувязі з магчымымі пагрозамі з боку наймітаў ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.
  • 21 жніўня камандуючы Ўзброенымі сіламі Літвы Вальдэмарас Рупшыс заявіў, што 25 жніўня на мяжы Літвы заплянаваныя вучэньні, падчас якіх памежнікі і вайскоўцы будуць «адпрацоўваць дзеяньні паводле сцэнараў, прадугледжаных абноўленым плянам прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы». Разглядаецца пытаньне аб прыцягненьні да манэўраў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Польшчы, Латвіі і Эстоніі.
  • 28 жніўня Польшча, Літва і Латвія абмяркуюць тэхнічныя пытаньні сумеснага закрыцьця межаў зь Беларусьсю ў выпадку ўзрастаньня пагрозы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да дыскусіі аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю далучыліся дарадца прэзыдэнта Літвы і міністарка абароны Латвіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тут жа простыя людзі езьдзяць, а не Лукашэнка». Што адбываецца на закрытым памежным пераходзе на мяжы Літвы і Беларусі