Індыя апярэдзіла Расею і стала першай краінай, якая пасадзіла касьмічны карабель каля паўднёвага полюса Месяца

Від Месяца з пасадачнага апарата «Чандраян-3» падчас выхаду на ваколмесячную арбіту 5 жніўня 2023

Расейскі карабель «Луна-25» разьбіўся ў мінулую суботу 19 жніўня пасля нявызначанага інцыдэнту, калі ён рыхтаваўся да зьніжэньня.

Індыя ў сераду стала першай краінай, якая пасадзіла карабель каля паўднёвага полюса Месяца. Гэта стала гістарычным трыюмфам для самай густанаселенай краіны ў сьвеце і яе амбітнай касьмічнай праграмы, піша агенцтва АФП.

Бесьпілётны карабель Chandrayaan-3, што на санскрыце азначае «Месячны карабель», сеў на Месяц у 18:04 па індыйскім часе. Спэцыялісты па кіраваньні палётам абдымаліся і бурна віншавалі адзін аднаго.

Пасадка адбылася празь некалькі дзён пасьля таго, як у тым жа рэгіёне разьбіўся расейскі зонд, і праз чатыры гады пасьля правалу ў апошні момант папярэдняй індыйскай спробы.

Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі з усьмешкай на твары памахаў індыйскім сьцягам у жывым этэры, абвяшчаючы посьпех місіі як трыюмф, які выйшаў за межы ягонай краіны.

Акывіст з мадэльлю Chandrayaan-3 і сьцягам Індыі

«З гэтай радаснай нагоды я хацеў бы зьвярнуцца да людзей усяго сьвету», — сказаў Модзі ў кулуюрах дыпляматычнага саміту БРІКС у Паўднёвай Афрыцы.

«Пасьпяховая місія Індыі на Месяц — гэта ня толькі Індыя, — дадаў ён. — Гэты посьпех належыць усяму чалавецтву».

Місія «Чандраян-3» прыцягнула ўвагу грамадзкасьці з моманту запуску амаль шэсьць тыдняў таму на вачах у тысяч гледачоў.

Палітыкі ладзілі індуісцкія малітоўныя рытуалы за посьпех місіі, а школьнікі сачылі за апошнімі момантамі прызямленьня ў жывой трансьляцыі ў клясах.

Від Месяца з пасадачнага апарата «Чандраян-3» падчас выхаду на месячную арбіту 5 жніўня 2023 г. Гэтая выява ўзятая зь відэа, апублікаванага 6 жніўня 2023 г.

Каб дабрацца да Месяца, апарату Chandrayaan-3 спатрэбілася значна больш часу, чым місіям Apollo ў 1960-х і 1970-х гадах. Тыя даляталі за некалькі дзён, а шлях Chandrayaan-3 заняў месяц.

Індыя выкарыстоўвала ракеты значна менш магутныя, чым тыя, што выкарыстоўвалі ў той час ЗША. Таму зонд павінен быў некалькі разоў абляцець Зямлю, каб набраць хуткасьць, перш чым рушыць да Месяца.

Індыя праходзіць тыя ж вехі, што сусьветныя касьмічныя дзяржавы, такія як Злучаныя Штаты і Расея, пры гэтым шмат якія з сваіх місій выконвае значна меншым коштам.

Касьмічная праграма Індыі параўнальна малабюджэтная, але пасьля 2008 году, калі ўпершыню быў адпраўлены зонд на арбіту Месяца, яна набрала маштабнасьці і імпэту.

Апошняя місія абышлася ў 74,6 мільёна даляраў — значна таньней, чым у іншых краінах.

У 2014 годзе Індыя стала першай азіяцкай краінай, якая вывела карабель на арбіту вакол Марса. У наступным годзе плянуецца запусьціць трохдзённую місію з экіпажам на ваколземную арбіту.

Індыйская арганізацыя касьмічных дасьледаваньняў (ISRO) зь нецярпеньнем чакала пасадкі ў сераду пасьля прыкрага правалу сваёй папярэдняй місіі ў апошні момант у 2019 годзе.

Тады кіраўніцтва місіі страціла сувязь зь месячным модулем «Чандраян-2» за некалькі хвілін да яго заплянаванай пасадкі.

Месячны правал Расеі

Расея таксама запусьціла месячны зонд у жніўні — першы амаль за паўстагодзьдзя.

У выпадку посьпеху ён апярэдзіў бы «Чандраян-3» на некалькі дзён і стаў бы першай місіяй, якая зьдзейсьніла кантраляваную пасадку каля паўднёвага полюса Месяца.

Але расейскі карабель «Луна-25» разьбіўся ў мінулую суботу 19 жніўня, калі пры падрыхтоўцы да зьніжэньня здарыўся невядомы пакуль дакладна інцыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская касьмічная дасьледчая станцыя «Луна-25» разьбілася пры сутыкненьні зь Месяцам