Муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда паведаміў, што пра месцазнаходжаньне ягонай зьняволенай жонкі зноў няма дакладных зьвестак.
«Дакладна ведаем толькі тое, што 21 жніўня Паліну вывезьлі з Гомельскага СІЗА № 3, але куды адправілі — не паведамляюць. Ёсьць падазрэньні, што маглі адправіць у ІЧУ Рэчыцы, але ніхто гэтага не пацьвярджае», — сказаў Андрэй Шарэнда.
6 жніўня актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсьці на волю пасьля адбыцьця прызначанага судом тэрміну і дадатковага году зьняволеньня, але на яе завялі новую крымінальную справу паводле 411 артыкула КК — за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы. Палітзьняволенай пагражае яшчэ 1 год зьняволеньня.
«Справа ўжо завершаная, але Паліна яшчэ не пачала зь ёю знаёміцца. Ведаю, што віну яна не прызнае», — сказаў муж актывісткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэсхата», зламаная рабрына і ўдар ныркі. Падрабязнасьці зьбіцьця Паліны Шарэнды-Панасюк у турме