У Беларусі ўзялі «на асаблівы кантроль» цэны на школьныя тавары

Школа, ілюстрацыйнае фота

З 11 па 20 жніўня ў Беларусі кантралёры абсьледавалі 68 гандлёвых аб’ектаў, дзе прадаецца прадукцыя да школьнага сэзону.

Пры праверцы выявілі парушэньні заканадаўства аб гандлі, паведаміла Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

У выніку праверак пяці суб’ектам вынесьлі рэкамэндацыі ў ліквідацыі парушэньняў, а тром забаранілі продаж.

Міністэрства вызначыла гранічныя гандлёвыя надбаўкі на тавары школьнага асартымэнту: на дзіцячае адзеньне і абутак — 30%, заплечнікі і вучнёўскія ранцы — 40%, пісьмовыя і канцылярскія прылады — 30-40%.

За парушэньне вызначаных гранічных надбавак на юрыдычную асобу прадугледжаны штраф у двухразовым памеры розьніцы паміж фактычнай выручкай, атрыманай ад рэалізацыі тавараў, і разьліковай велічынёй выручкі ад рэалізацыі гэтых тавараў па цэнах, вызначаных у адпаведнасьці з заканадаўствам, на індывідуальнага прадпрымальніка — у памеры 20 базавых велічынь.

Праверкі працягнуцца, у тым ліку на «школьных базарах» у выходныя дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь перамясьцілася з 10 на 4-ае месца па росьце спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства працы анансавала рост заробкаў бюджэтнікаў. Але ёсьць нюанс