Кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач прызнала, што супрацоўнікі літоўскай спэцслужбы Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі папярэджвалі яе аб кантактах з расейскай выведкай і што гэта адбылося вясной. Аднак яна падкрэсьліла, што не супрацоўнічала з выведкай Расеі.
«Я вельмі злая і не адступлюся. Я не спынюся, буду абараняць сваё імя і рэпутацыю, бо ведаю, што я не расейскі ці беларускі агент КДБ... Дэпартуйце мяне ў Беларусь, калі ласка. Паглядзіце, што будзе. Мяне нядаўна намінавалі на Нобэлеўскую прэмію (арганізацыю Карач „Наш дом“ толькі прапанавалі вылучыць на намінацыю. — РС). Успомніце Алеся Бяляцкага, яго таксама на яе намінавалі, і Літва перадала беларускаму рэжыму інфармацыю пра ягоныя рахункі (у 2011 годзе. — РС), ён трапіў у турму. Адчуваю, што мой выпадак падобны», — сказала сярод іншага Карач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Карач заявіла, што ўлады Літвы адмовілі ёй у палітычным прытулку, абвясьціўшы «пагрозай нацыянальнай бясьпецы»«Я зразумела, што сытуацыя небясьпечная, таму што беларускі рэжым наймае літоўцаў, каб шпіёніць за намі. Акрамя таго, Беларусь можа зьвярнуцца ў Інтэрпол з запытам аб экстрадыцыі, і гэты працэс можа быць распачаты ў любой краіне, бо я не знаходжуся пад абаронай». Гэта можа стварыць мноства праблем і заблякаваць маю праваабарончую дзейнасьць«, — заявіла яна.
Як паведамляе Bpn-info, Карач сказала, што да канца тыдня абскарджвае рашэньне аб адмове ў прадастаўленьні палітычнага прытулку. Пры гэтым яна адмовілася паказаць дакумэнт, у якім паведамляецца аб прычынах адмовы, растлумачыўшы гэта тым, што можна расцаніць як спробу ціску на суд.
Калі можа быць прызначаная дата судовага паседжаньня, Карач не ведае. З-за таго, што раней у Літве больш за 900 беларусаў былі прызнаныя пагрозай нацбясьпецы і ў іх анулявалі віды на жыхарства, суды зараз могуць быць загружаныя скаргамі па гэтых справах, лічыць яна.
«Апошнія, хто падавалі [скаргі] у ліпені, ім прызначылі разгляд ужо на лістапад», — сказала Карач.
Яна падкрэсьліла, што не мае намеру пакідаць Літву: «ДДБ мае дзьве опцыі — пакінуць мяне тут або дэпартаваць у Беларусь».
Вольга Карач раней расказала «Медузе», што літоўскія ўлады абгрунтавалі рашэньне тым, што яна брала інтэрвію ў заснавальніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі (ЛДПР) Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канфэрэнцыях у Расеі, у тым ліку арганізаваных Эўракамісіяй.
Вольга Карач даўно жыве ў Літве. Пакуль невядома, як доўга яна зможа заставацца ў краіне.
У чым вінавацяць Карач літоўскія ўлады
Нядаўна стала вядома, што ўлады Літвы адмаўляюць Карач у прытулку за яе супрацоўніцтва з расейскай выведкай, пісала агенцтва BNS.
Літоўскае агенцтва сьцьвярджала, што мае дакумэнт, у якім Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы выкладае гэтыя падазрэньні.
«Па зьвестках ДДБ, актывістка беларускай апазыцыі Вольга Карач, якая жыве ў Літве, супрацоўнічала з расейскай выведкай», — цытуе BNS дакумэнт.
У ім пазначана, што Карач нібыта наведвала тэрыторыю Расеі ў 2015–2019 гадах і сустракалася з прадстаўнікамі расейскай выведкі, падтрымлівала зь імі кантакт праз «абязьлічаныя сродкі сувязі», а таксама нібыта перадала расейскаму боку дакумэнты, якія зьмяшчаюць інфармацыю аб прадстаўніках беларускай апазыцыі.
Карач, згодна з дакумэнтам, «імкнулася заручыцца падтрымкай расейскага ўраду ў сваёй палітычнай дзейнасьці ў Беларусі і абмяркоўвала свае магчымыя палітычныя абавязаньні перад Расеяй з прадстаўнікамі расейскай выведкі».
«Прадстаўнікі расейскай выведкі клапаціліся аб іміджы Карач у Літве і за мяжой, давалі парады і прапановы аб дзейнасьці ў публічнай прасторы, папярэджвалі і інструктавалі, як зьнізіць рызыкі», — прыводзіць агенцтва яшчэ адну цытату.
У дакумэнце адзначаецца, што расейская выведка можа выкарыстоўваць сувязі з Карач для дзейнасьці, накіраванай супраць Літвы і яе інтарэсаў.
- Вольга Карач — кіраўніца цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом».
- КДБ Беларусі ў верасьні 2021 году ўнёс Карач у «сьпіс тэрарыстаў», а МУС Беларусі ў траўні 2022 году абвясьціла арганізацыю «Наш дом» «экстрэмісцкім фармаваньнем».