«Банк БелВЭБ» спыняе выпуск большасьці відаў картак для фізычных асоб

Банк БелВЭБ, архіўнае фота

Банк перастане выпускаць сем відаў картак зь невялікім выключэньнем.

«Банк БелВЭБ з 22.09.2023 спыняе выпуск картак для фізычных асоб Platinum, Infinite, Gold (за выключэньнем выпуску карт „Яркая крэдытка“), Standard, Classic, World, Rewards», — інфармуе прэс-служба банку.

Таксама з 22 верасьня спыніцца выпуск карпаратыўных картак Business. Гаворка ідзе аб картках плацежных сыстэм Visa і Mastercard.

«Названыя карткі, эмітаваныя „Банкам БелЗЭБ“ да 21.09.2023 уключна, будуць абслугоўвацца на ранейшых умовах да заканчэньня тэрміну іх дзеяньня», — паведамілі ў банку.

«Банк БелВЭБ» — беларуская «дачка» расейскага «Внешэкономбанка» (ВЭБ). Раней БелВЭБ трапіў пад сэктаральныя санкцыі ЭЗ супраць уладаў Беларусі і пад санкцыі ЗША супраць Расеі.

Ужо год банк бярэ камісію за выдачу гатоўкі нават у сваіх банкаматах, а таксама ў касах. Памер камісіі складае 0,5% ад выдадзенай сумы, але пры гэтым мінімальны памер камісіі складзе 7 рублёў.

Праз санкцыі карткі банку за мяжой не працуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы санкцыяў: «БСБ Банк» мяняе валюту разьлікаў па картах Mastercard на злоты, «Белгазпрамбанк» адкрывае ўклады ў юанях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат сьцьвярджае, што валавы ўнутраны прадукт сёлета за паўгода вырас на 2,9%