Амаль 80% расейцаў адмаўляюцца ўдзельнічаць у сацапытаньнях аб вайне

Пераважная большасьць расейцаў адмаўляюцца адказваць на пытаньні сацыёлягаў, калі яны датычацца вайны ва Ўкраіне, сьцьвярджае дасьледчая група Russian Field.

У сярэдзіне чэрвеня апытаньне на тэму вайны, якое праводзіла група, зафіксавала 79,2% тых, хто адмовіўся ў ім удзельнічаць. Пры гэтым кожны чацьвёрты адмовіўся ў грубай, часта нецэнзурнай форме.

У лютым «адмоўнікаў» было крыху менш, але таксама пераважная большасьць — 76%.

Камэнтуючы гэтыя дадзеныя, дасьледчы прафэсар Ратгерскага ўнівэрсытэта ЗША Сяргей Ерафееў адзначыў, што «людзі элемэнтарна баяцца, яны не ўпэўненыя ў тым, хто менавіта на другім канцы дроту, і ў тым, што гаварыць праўду бясьпечна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Антываенныя настроі беларусаў ня здольная зьнішчыць ніякая „кувалда“ прапаганды» — вынікі дасьледаваньняў Беларускай аналітычнай майстэрні

Пры гэтым у чэрвені кампанія Russian Field апублікавала вынікі сацапытаньня, паводле якіх больш за траціну расейцаў (35%) адмянілі б рашэньне аб уварваньні расейскіх войскаў ва Ўкраіну, прынятае Ўладзімірам Пуціным, калі б у іх была такая магчымасьць. Выданьне The Moscow Times адзначала, што для такіх настрояў гэта рэкордны паказчык.