На выходных 19–20 жніўня ў Кіеве адбыўся сход беларускіх добраахвотніцкіх фармаваньняў, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне. Арганізатарам выступіла Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў, якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах беларусаў-вэтэранаў, што прайшлі праз вайну.
Кіраўнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў (пазыўны «Рыцар») паведаміў, што на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, атраду «Атам», а таксама асобныя ваяры зь Беларускага добраахвотніцкага корпусу, батальёнаў «Волат» і «Ліцьвін» (гэтыя батальёны ўваходзяць у полк імя Кастуся Каліноўскага), а таксама ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну. Гэта людзі з усіх беларускіх фармаваньняў, якія на гэты момант ваююць ва Ўкраіне. Раней такія сустрэчы не арганізоўваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста ваяваць за людзей, якіх любіш». Добраахвотнік «Рыцар» быў у партыі, блізкай да Васкрасенскага, а потым зьехаў на вайнуАпроч таго, на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі цывільных і парамілітарных арганізацый — фонду «Вольная Беларусь», грамадзкага аб’яднаньня «Пагоня», «Паспалітага рушэньня», добраахвотніцкага аб’яднаньня беларусаў у Літве «Літвіны», арганізацыі дапамогі беларускім добраахвотнікам «Крайт», рэабілітацыйнага цэнтру «Ланка».
Сярод галоўных рашэньняў, прынятых на сустрэчы добраахвотнікаў, — правесьці дабрачынны маратон для збору сродкаў сем’ям загінулых беларусаў, а таксама наладзіць сацыяльную падтрымку ваяроў і іх сем’яў.
«Для нас важна арганізаваць працэс рэгулярнага інфармаваньня беларускай дыяспары аб дзейнасьці беларускіх добраахвотніцкіх фармаваньняў. Справа ў тым, што іх дзейнасьць ня моцна прадстаўленая ў беларускіх і ўкраінскіх СМІ», — расказвае Андрэй Кушняроў.
Пры гэтым на сустрэчы не было прадстаўнікоў штабу палку імя Кастуся Каліноўскага (найбуйнейшага беларускага фармаваньня. — РС), не прысутнічаў таксама і сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валер Сахашчык, які мае дачыненьне да дзейнасьці 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады.
«Гэта першая сустрэча, на якой былі прадстаўнікі ўсіх падразьдзяленьняў. Мы сядзелі за адным сталом два дні і не пасварыліся. А адносіны між ваярамі крыху лепшыя, чым сярод штабоў. Наша мэта — дасягнуць рашэньняў, а не сутыкаць ілбамі людзей, у якіх ёсьць палітычныя амбіцыі. Калі наступным разам байцы вырашаць зрабіць сваімі прадстаўнікамі людзей са штабу, то мы ня будзем супраць», — сказаў Андрэй Кушняроў.
Падобныя сустрэчы плянуецца праводзіць і ў будучыні. Удзельнікі вырашылі, што такая пляцоўка павінна дзейнічаць рэгулярна.
На дадзены момант ва Ўкраіне, паводле зьвестак Радыё Свабода, ваюе каля паўтысячы беларускіх добраахвотнікаў. Сама меней 33 беларусы загінулі ад пачатку поўнамаштабнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байцы палку Каліноўскага наведалі абноўлены манумэнт «Бацькаўшчыне-Маці» ў Кіеве. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Данецкай вобласьці загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік