Пачаўся завочны суд над беларусамі, якія пабіліся з дыпляматамі Лукашэнкі ў Лёндане

Амбасада Рэспублікі Беларусь у Лёндане, архіўнае фота

Судзяць чатырох чалавек, усе яны за мяжой.

Менскі гарадзкі суд 21 жніўня пачаў разгляд справы супраць чатырох грамадзян, якія абвінавачваюцца ў нападзе на супрацоўнікаў пасольства Беларусі ў Вялікай Брытаніі 19 сьнежня 2021 году, вынікае з раскладу на партале электроннага судаводзтва. Працэс вядзе судзьдзя Дзіна Кучук.

Вадзіма Багакова, Максіма Зуева, Аляксандра Напрэенку і Сяргея Рабушку вінавацяць у распальваньні варожасьці і наўмысным пашкоджаньні чужой маёмасьці. Зуеву і Багакову таксама ставіцца ў віну гвалт або пагроза ў дачыненьні службовай асобы.

Усе фігуранты справы знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

Аб перадачы справы ў суд стала вядома 26 ліпеня. Тады прэс-служба Генэральнай пракуратуры паведаміла пра арышт іх маёмасьці на суму 73,5 тысячы рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён мяне справакаваў і я даў поўху». Падрабязнасьці інцыдэнту ля амбасады Беларусі ў Лёндане

У матэрыялах завочнай справы гаворыцца, што чацьвёра ўдзельнікаў дачакаліся прыбыцьця траіх супрацоўнікаў пасольства, «абразілі іх, а затым прымянілі да іх фізычны гвалт, у выніку чаго прычынілі пацярпелым цялесныя пашкоджаньні і пабоі».

Пасьля здарэньня каля беларускага пасольства ў Лёндане Міністэрства замежных спраў выклікала часовага паверанага ў справах Вялікай Брытаніі, якому быў «заяўлены рашучы пратэст з патрабаваньнем аб правядзеньні ўважлівага расьсьледаваньня інцыдэнту, прыцягненьні да адказнасьці вінаватых асоб, а таксама інфармаваньні беларускага боку аб ходзе правядзеньня працэсуальных дзеяньняў і іх выніках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне навіна пра завочны суд выклікала сьмех і сарказм». Пагутарылі зь беларусам у Лёндане, якому на Радзіме пагражае вялікі тэрмін
  • 19 сьнежня 2021 году ў Лёндане праходзіла традыцыйная акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Паводле дамовы зь мясцовай паліцыяй пратэст супраць дзеяньняў беларускай улады можна было выказваць каля амбасады з 13:30 да 15:30.
  • Канфлікт здарыўся ўжо пасьля акцыі. Кампанія беларусаў купіла ў краме і паставіла пад брамку амбасады ёршык для прыбіральні, сродак для мыцьця прыбіральні і зубную пасту са шчоткай. Як сказаў Свабодзе Максім Зуеў, ён яшчэ кінуў у амбасаду яйкі.
  • Калі ўдзельнікі пратэсту зноў падышлі да амбасады, там ужо стаялі яе супрацоўнікі. Завязаўся канфлікт, які перарос у «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні». Паводле МЗС Беларусі, адзін з супрацоўнікаў амбасады атрымаў «пералом носа, страсеньне мозгу і траўматычны пералом зуба». Максім Зуеў сьцьвярджае, што даў поўху аднаму з супрацоўнікаў, але, калі прыехала паліцыя, «выйшаў зусім іншы зьнешнім выглядам супрацоўнік амбасады, у якога была кроў на твары, але ня той, каму ён даў поўху».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе атакавалі амбасаду Беларусі. Падазраюць 31-гадовага мужчыну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Уначы гарэла амбасада Беларусі ў Брусэлі. ФОТА