Прадпрымальнікі Польшчы раскрытыкавалі Асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой за мэханізм вэрыфікацыі

Яўген Буры

Палякам не падабаецца, што беларуская арганізацыя ABBA ўвяла сваю вэрыфікацыю прадпрымальнікаў, нягледзячы на адпаведны закон у Польшчы.

Зьвяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP) выступіў супраць Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) і яе лідэра Яўгена Бурага. ZPP перасьцерагае ад «спробаў дэзынтэграцыі беларускага бізнэсу ў Польшчы»: заява арганізацыі тычыцца ініцыятывы ABBA аб вэрыфікацыі беларускага бізнэсу, які адкрываецца ў Эўразьвязе.

«Мы ня можам дазволіць сабе маўчаць, калі былы супрацоўнік Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь спрабуе падарваць, выкарыстоўваючы правакацыі і паклёп, давер да нас і да іншых арганізацый, якія падтрымліваюць беларусаў, ствараючы бізнэс-мадэль выкарыстаньня сакрэтнай інфармацыі і набытых ноў-хаў ва ўладных структурах рэжыму Лукашэнкі», — сказана ў заяве Зьвязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы.

Яўген Буры да падзеяў 2020 году працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі. Ён займаўся пытаньнямі эканамічнай бясьпекі, быў удзельнікам і сакратаром міжведамаснай камісіі бясьпекі ў эканамічнай сфэры. Удзельнічаў у распрацоўцы і папулярызацыі фінансавых IT-прадуктаў.

У 2020 годзе Буры пакінуў дзяржаўную службу і далучыўся да каманды «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Паўла Латушкі. У жніўні 2021 году ён стаў адным з заснавальнікаў Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасілі дапамагчы зьняць санкцыі». Размова з кіраўніком Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўгенам Бурым

У 2022 годзе Расея разьвязала ва Ўкраіне поўнамаштабную вайну. Санкцыйны ціск на Маскву і Менск узмацніўся. Гэта справакавала масавы пераезд бізнэсаў (у прыватнасьці, беларускіх) у Польшчу і іншыя краіны ЭЗ. ABBA зьвярнула ўвагу на тое, што сярод кампаній, адкрытых у Польшчы, ёсьць тыя, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Таму быў прапанаваны мэханізм вэрыфікацыі.

У ZPP гэтую ініцыятыву лічаць неправамернай.

«Ігнаруючы інстытуты польскай дзяржавы, створаныя менавіта для гэтай мэты, прэтэндуе на права выдаваць сэртыфікаты даверу беларускім грамадзянам і прадпрымальнікам, якія знаходзяцца ў Польшчы, называючы гэты працэс „вэрыфікацыяй“», — сказана пра яе ў звароце бізнэс-зьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З усім можна справіцца, было б жаданьне». Як сям’я беларускіх палітэмігрантаў адкрыла салён штораў у Варшаве