«Беларусь прыцягвае замежнікаў з усяго сьвету пад мяжу з Польшчай, бо зарабляе на кожным замежніку. Цана пераходу ў Эўразьвяз даходзіць да 10 тысяч эўра», — гаворыцца ў паведамленьні Польскай памежнай службы.
19 жніўня польскія памежнікі апублікавалі чарговае відэа спробы незаконнага пераходу цераз мяжу з боку Беларусі.
«Апавяшчэньне з электроннага бар’ера дазволіла апэратыўна накіраваць памежны патруль да месца, дзе замежнік спрабаваў незаконна перасячы мяжу. Мігранты пры выглядзе патруля адступілі — заплацілі беларускаму боку за незаконны праезд праз Польшчу ў Нямеччыну ці іншыя дзяржавы ЭЗ», — паведамляе ведамства.
За мінулы дзень у Польшчу спрабавалі трапіць 123 замежнікі. Сярод іх — грамадзяне Эгіпта, Этыёпіі, Сырыі, Эрытрэі, Емэну, Ірану, Самалі.
На латвійска-беларускай мяжы затрымалі 32 чалавекі, на літоўска-беларускай спробаў нелегальнага пераходу мяжы не зафіксавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскую мяжу з боку Беларусі штурмуюць мігранты з турыстычнымі і працоўнымі візамі РасеіАд пачатку году зафіксавана 27045 спробаў незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі: у Польшчу — 19501, Латвію — 6004, Літву — 1540.
Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць: пасьля росту на працягу вясны і зьніжэньня ў пачатку лета напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ дасягнула свайго піку ў ліпені. У студзені было папярэджана 1989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, лютым — 1970, сакавіку — 3401, красавіку — 3440, траўні — 4719, чэрвені — 3701, ліпені — 5054.
Мігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі
- Мігранцкі крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
- Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
- Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
- Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.