«Будзе файна для ўсіх!» У Варшаве зьбіраюць подпісы для стварэньня беларускага тэатру

Вольга Кулікоўская

Каб калектывы і творцы маглі працягваць сваю справу ў Польшчы, прадусарская ініцыятыва Inexkult стварыла пэтыцыю за вылучэньне адмысловай прасторы для беларускага тэатру.

Даведаліся падрабязнасьці ў кіраўніцы ініцыятывы Вольгі Кулікоўскай.

Польскія тэатры сябруюць зь беларускімі калектывамі і хочуць дапамагаць, але маюць свой шчыльны рэпэртуар, таму ня могуць ахвяраваць сваімі пляцоўкамі, кажа Вольга Кулікоўская.

«Мы ўжо пераспрабавалі ўсё, што толькі можна. Я вельмі доўга шукаю пляцоўку ў Варшаве, але на сталае супрацоўніцтва амаль немагчыма з польскімі тэатрамі дамовіцца, яны могуць даваць сцэну прыкладна раз на два месяцы. Але ж гэтага недастаткова. Беларускіх тэатральных дзеячоў выехала пасьля 2020 году вельмі шмат, добра, што яны знаходзяць магчымасьці і сілы заставацца ў прафэсіі, ствараць новыя спэктаклі, але гэтыя спэктаклі потым амаль ня маюць пракату, бо іх няма дзе паказваць», — кажа Вольга.

Вольга дадае, што спрабавалі працаваць і з камэрцыйнымі тэатральнымі пляцоўкамі, але арэнда вельмі дарагая.

«Таму ёсьць патрэба ў сваёй пляцоўцы, дзе розныя беларускія тэатральныя калектывы маглі б ствараць і рэпэтаваць новыя спэктаклі, паказваць існуючыя праекты. Бо мы тут маем усё: прафэсіяналаў тэатру, гледачоў, прыхільнікаў, якія гатовыя хадзіць і купляць квіткі. І вось няма толькі месца, дзе гэта рабіць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаецца тэатральнае лета ад Inexkult з «Купалаўцамі» і іншымі беларускімі творцамі. Што можна паглядзець

«Некаторыя спэктаклі ўжо робім на польскай мове зь беларускімі акторамі»

Праблема ў тым, што будынак для беларускага тэатру трэба прасіць у адной польскай установе, грошы шукаць — у іншай. Таму цяпер справу падзялілі на часткі, першая зь якіх — збор подпісаў.

«Вырашылі такім чынам візуалізаваць сваю патрэбу. Бо за гэтае лета мы праводзілі фэстывалі розных беларускіх творцаў, і мы хочам паказаць, колькі спэктакляў мы правялі, колькі гледачоў прыйшло. Паказаць, што беларускі тэатар у Варшаве будзе запатрабаваны».

Прыходзяць вельмі добрыя водгукі ад польскіх гледачоў і тэатральных дзеячоў, кажа Вольга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гульня ў радасьць». Расказваем пра тэатральную школу-летнік для беларусаў

«Вельмі цікавыя водгукі. Учора, напрыклад, у нас была прэм’ера „Канец паўкабана“, там былі польскія крытыкі, дырэктары Польскага тэатральнага інстытуту. Мы некаторыя спэктаклі ўжо робім на польскай мове зь беларускімі акторамі. І тады палякам увогуле цікава прыходзіць».

За няпоўны тыдзень ужо ўдалося сабраць больш за 500 подпісаў, будуць зьбіраць далей.

«Ініцыятыву падтрымалі Альгерд Бахарэвіч, Аляксандар Ждановіч „Маляваныч“. І вельмі прыемна бачыць, што шмат хто піша пасты, заклікаюць ставіць подпісы і тыя, хто зьвязаны з тэатрам, і хто не. Бо ў любым разе тэатар — гэта асяродзьдзе культуры, гэта і літаратура, і выяўленчае мастацтва, і акторскае майстэрства. Таму будзе файна для ўсіх!».