Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне пра міжнародныя аўтамабільныя перавозкі

Ілюстрацыйнае фота

Пагадненьне дазволіць выконваць кабатажныя аўтамабільныя перавозкі грузаў па тэрыторыі Расеі пры выкананьні пэўных умоў. Напрыклад, адразу будзе дазволены інвэстыцыйны кабатаж, які дае магчымасьць перавозіць будаўнічыя грузы.

Міністры транспарту Беларусі і Расеі 18 жніўня падпісалі пагадненьне аб міжнародных аўтамабільных перавозках. Гэта зроблена ў рамках уніфікацыі рэгуляваньня транспартнага рынку, паведамілі ў беларускім Міністэрстве транспарту.

Дакумэнт падпісалі міністар транспарту Беларусі Аляксей Ляхновіч, які нядаўна заступіў на сваю пасаду, і ягоны расейскі калега Віталій Савельеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аляксандар Рыгоравіч не жанчына, каб яго любіць». Што вядома пра новага міністра транспарту Аляксея Ляхновіча

Звычайны кабатаж, калі беларускі перавозчык вязе груз на Далёкі Ўсход, а вяртаючыся назад, выконвае перавозкі паміж расейскімі гарадамі, дазволяць з 2024 году, піша Officelife. Паэтапна будзе ўкараняцца і бездазвольная сыстэма перавозак у трэція краіны праз Расею.

Да 1 студзеня 2030 году краіны зьбіраюцца цалкам перайсьці да бездазвольнай сыстэмы міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў. Раней такая сыстэма перавозак запрацавала паміж Беларусьсю і Кіргізстанам, потым — з Іранам.

Яшчэ ў пачатку 2022 году бездазвольная сыстэма працавала паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ініцыявала дэнансацыю пагадненьня з Украінай аб вайскова-тэхнічнай супрацы