Дзіяна Панчанка не ўпершыню наведвала Беларусь. Свабода сабрала некалькі фактаў пра яе прафэсійную дзейнасьць.
Была вядоўцай на «Славянскім базары» пасьля байкоту фэсту Ўкраінай
У 2021 годзе на сцэну фэсту «Славянскі базар» у Віцебску пасьля пяцігадовай адсутнасьці вярнуліся ўкраінскія выканаўцы і вядоўцы. Гэта адбылося дзякуючы намаганьням Віктара Медзьведчука, які ачольваў ва Ўкраіне прарасейскую партыю, а потым быў арыштаваны праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе (пазьней яго абмянялі на палонных абаронцаў Марыюпалю. — РС). Ён меў частыя кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Сочы сустракаўся ня толькі з Пуціным, але і ягоным украінскім кумамДзіяна Панчанка стала адзінай зь вядоўцаў, якая пагадзілася весьці канцэрт у Віцебску.
Сваю згоду на ўдзел у «Славянскім базары» яна патлумачыла тым, што ўкраінская дэлегацыя «прыехала не да Лукашэнкі».
«Я вельмі хацела б давесьці ўсім, хто лічыць, што мы не павінны быць тут, што мы прыехалі не да Лукашэнкі, не да кагосьці іншага. Мы прыехалі да людзей», — адказвала яна сваім крытыкам.
Дзіяна Панчанка тлумачыла сваё нежаданьне камэнтаваць палітычную сытуацыю ў Беларусі пасьля акцыяў пратэсту тым, што як грамадзянка Ўкраіны яна ня мае права выказваць сваю думку пра гэта, бо не жыве ў Беларусі.
«Калі з дыпляматыяй у нашых палітыкаў сёньня ня ўсё добра, то мы мусім рабіць усё, каб наладзіць сувязі паміж краінамі», — перакананая Дзіяна Панчанка.
Юрыст, выдавец, рэдактар
Дзіяна мае дзьве вышэйшыя адукацыі: у выдавецкай справе і рэдагаваньні і ў праве.
Працавала спачатку ў выданьні «Газета по-українськи», а потым на муніцыпальным тэлеканале «Київ». Але найбольшую вядомасьць яна атрымала пасьля пераходу на працу на тэлеканал NewsOne, які зьвязвалі зь Віктарам Медзьведчуком, лідэрам прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» і кумам расейскага прэзыдэнта Пуціна.
З 2 лютага 2021 году канал спыніў вяшчаньне на падставе адпаведнага рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, а супраць Віктара Медзьведчука завялі крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра ўкраінскіх экспэртаў, якія выступаюць на БТ у падтрымку ЛукашэнкіНа абароне Медзьведчука
Пасьля закрыцьця гэтага тэлеканалу Дзіяна перайшла на працу на іншы канал, які зьявіўся ў этэры ў 2021 годзе — «Першы незалежны», які таксама зьвязвалі зь Віктарам Медзьведчуком.
У часе сваёй тэлевізійнай кар‘еры на телеканале NewsOne зь ёй зьвязана некалькі скандалаў.
У ліпені 2019 году яна выгнала з этэру вядомага ўкраінскага палітыка Валерыя Івасюка (быў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны першага скліканьня, працаваў на пасадзе міністра аховы здароўя і дарадцам Віктара Юшчанкі ў часе ягонага прэзыдэнцтва).
Дзіяна патрабавала ад рэжысэраў выключыць мікрафон у палітыка пасьля таго, як ён выказаў думку, што канал папулярызуе і рэклямуе дзейнасьць партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё», каб яна вярнулася да ўлады.
У верасьні 2020 году пад такія ж «санкцыі» трапіў яшчэ адзін колішні дэпутат — Юры Бублік, які прадстаўляў партыю «Свабода». Канфлікт адбыўся пасьля таго, як палітык назваў выканаўца Сьвятаслава Вакарчука «патрыётам, у адрозьненьне ад Медзьведчука». А калі Дзіяна Панчанка з гэтым не пагадзілася, Юры Бублік сказаў, што «ейным ротам гаворыць Медзьвядчук». На гэта яна адрэагавала так: «Ідзіце ўжо, спадар Бублік. Нікому вы не цікавы. Адна дзірка, больш нічога».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым вядомы кум Пуціна Медзьвядчук, якога арыштавалі ва Ўкраіне, і як ён зьвязаны зь БеларусьсюАдмаўлялася гаварыць па-ўкраінску
У кастрычніку 2018 году ў этэры каналу NewsOne назвала «фрыкам» украінскую дзіцячую пісьменьніцу Ларысу Ніцой, якая папрасіла Дзіяну Панчанку весьці этэр па-ўкраінску. Пасьля адмовы Ларыса Ніцой пакінула тэлестудыю.
«Чалавек году» і «Журналіст году»
У 2019 годзе Дзіяна Панчанка стала ляўрэаткай нацыянальнага конкурсу «Чалавек году» у намінацыі «Журналіст году». Сваё жыцьцёвае крэда яна сфармулявала так: «Усё будзе правільна — на гэтым пабудаваны сьвет». І яшчэ прызналася, што яе галоўная мара — весьці этэр з украінскага Данецку.
У 2020-м, паводле вэрсіі чытачоў часопіса «Фокус», заняла сёмае месца ў рэйтынгу найбольш уплывовых жанчын Украіны.
З кім сябруе
У Фэйсбуку мае амаль пяць тысяч сяброў, сярод якіх ёсьць і даволі адыёзныя асобы — блогер Анатоль Шарый, якога Ўкраіна абвясьціла ў вышук праз абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама шэраг дэпутатаў парлямэнцкай фракцыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» — Юры Паўленка, Натальля Каралеўская, былы кіраўнік Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі Аляксандар Папоў.
Сярод сяброў — былы журналіст украінскага тэлеканалу «Інтэр» Максім Раўрэба, які адразу пасьля рэвалюцыі годнасьці зьехаў спачатку ў Данецк, у так званую «ДНР», а потым пераехаў у Беларусь у Гомель, адкуль пад псэўданімам «Максім Максімаў» піша для расейскага сайту ukraina.ru, забароненага ва Ўкраіне.
Цяпер вядзе этэры з акупаванага Расеяй Данецку
Пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня Дзіяна Панчанка ўцякла ў акупаваны Расеяй Данецк. Яна наведвала захоплены расейскімі войскамі Марыюпаль, запісвала адыёзныя інтэрвію з украінскімі палоннымі. Цяпер усе свае матэрыялы публікуе на сваёй старонцы ў Youtube.
Украіна абвясьціла Дзіяну Панчанку ў вышук
Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымалі Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі, сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны пачалі дасудовае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Дзіяны Панчанкі паводле ч. 2 артыкула 436-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (апраўданьне збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны і праслаўленьне яе ўдзельнікаў з расейскага боку).
У канцы студзеня 2023 году ёй выставілі падазрэньне ў вытворчасьці матэрыялаў, у якіх зьмяшчаецца апраўданьне ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Тады ж супраць яе ўвялі санкцыі на 10 гадоў.
26 ліпеня Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла Дзіяну Панчанку ў вышук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне завялі справу супраць журналісткі, якая ў 2021 годзе вяла канцэрт на «Славянскім базары» ў Віцебску