Кавалеўскі: Жаданьне мець пашпарт «Новай Беларусі» выказалі больш за 57 тысячаў беларусаў

Праект пашпарту "Новай Беларусі"

Прадстаўнік у міжнародных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Валер Кавалеўскі расказаў пра вынікі апытаньня аб новым нацыянальным пашпарце Беларусі, якое праходзіла на плятформе «Голас».

Яго заяву прыводзіць тэлеграм-канал Кабінэту:

«Трохі больш за тыдзень таму мы прэзэнтавалі праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаныя запытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытаньня выказалі намер атрымаць больш за 57 000 пашпартоў. Тысячы зь іх пазначылі, што плянуюць зьвяртацца па пашпарт ня толькі для сябе, але і разам з чальцамі сваіх сем'яў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё пра «альтэрнатыўны пашпарт». Тлумачыць прадстаўнік Аб’яднанага кабінэту Кавалеўскі

Паводле Кавалеўскага, такое жаданьне выказалі беларусы з розных куткоў сьвету, у тым ліку з ЗША, Канады і іншых дзяржаваў. У заяве гаворыцца, што больш за траціну ўдзельнікаў апытаньня пражываюць цяпер у Беларусі, хоць зь меркаваньняў бясьпекі праект пакуль арыентаваны на беларусаў замежжа. Кавалеўскі адзначае, што самай папулярнай прычынай патрэбы ў новым пашпарце апытаныя назвалі непрыняцьце рэжыму і яго акупацыйных сымбаляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плятформа «Голас» запускае апытаньне аб праекце нацыянальнага пашпарту Новай Беларусі

«Амаль палова ўдзельнікаў апытаньня пражываюць у Эўразьвязе. І прадказальна, што іншымі, больш прагматычнымі прычынамі, згодна з апытаньнем, сталі заканчэньне тэрміну дзеяньня пашпарта і цяжкасьці з абменам дакумэнта ў рэжымных консульствах. Апытаньне паказала, што мінімум 2 тысячы чалавек маюць патрэбу ў аднаўленьні пашпарта ўжо цяпер. Гэта можа быць „вярхушкай айсбэрга“», - канстатуе Кавалеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія пэрспэктывы ў пашпарта «Новай Беларусі». Разьбіраемся зь юрысткай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прэзэнтавалі нацыянальны пашпарт Новай Беларусі. Яго распрацавалі паводле эўрапейскіх традыцый. ФОТА