На пытаньні Свабоды адказаў прадстаўнік у міжнародных справах Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі. Менавіта ён у мінулыя выходныя прэзэнтаваў у Варшаве ў рамках канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» узор распрацаванага нацыянальнага пашпарта.
Сьцісла:
- Выдаўцом гэтага пашпарта будзе Аб’яднаны пераходны кабінэт. Для гэтай дзейнасьці будзе створана адпаведная юрыдычная асоба. Але вырабляць сам пашпарт і праводзіць вэрыфікацыю яго атрымальнікаў будуць спэцыялізаваныя кампаніі.
- Такі пашпарт не дае магчымасьці працаваць у Эўрапейскім Зьвязе і не замяняе Шэнгенскай візы. Гэта праязны дакумэнт, які пацьвярджае нацыянальную прыналежнасьць.
- Паводле стандартаў Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі, любому пашпарту патрэбны адмысловы код краіны альбо нейкай міжнароднай арганізацыі. Мы ня зможам карыстацца кодам BLR, бо яго кантралюе рэжым Лукашэнкі.
- Мы маем два варыянты — альбо распрацоўваем уласны код, альбо адна зь дзяржаваў можа з намі падзяліцца кодам, каб мы яго выкарыстоўвалі ў гэтым пашпарце. У другім выпадку можа быць прасьцей атрымаць прызнаньне дакумэнту.
- Ужо маем дамоўленасьць, што з намі гатовыя падзяліцца такім кодам. Пакуль ня буду называць краіну, але пацьверджаньне мы атрымалі на высокім палітычным узроўні.
- Мы вядзем перамовы пра тое, хто будзе займацца вэрыфікацыяй магчымых атрымальнікаў. Ёсьць некалькі варыянтаў, гэта можа рабіць і міжнародна прызнаная глябальнай кампанія, якая займаецца такімі пытаньнямі.
- У захаваньні дадзеных тых людзей, якія будуць падаваць заявы на пашпарт, мы кіруемся эўрапейскім заканадаўствам. Мяркуецца, што юрыдычная асоба будзе зарэгістраваная ў Літве.
- Мы стараемся, каб фізычны ўзор дакумэнта быў гатовы да канца году. Пасьля гэтага пачнем кампанію прызнаньня пашпарта.
- Калі будуць першыя прызнаньні, мы зможам прапанаваць людзям падаваць заявы на гэты дакумэнт. Аднак варта разумець, што працэс прызнаньня яго ўсімі 27 дзяржавамі Эўрапейскага Зьвязу можа адбыцца ня вельмі хутка. Гэта можа быць месяц, паўгода, год. Але будзем намагацца, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Шмат будзе залежаць ад удзелу беларускіх супольнасьцяў у краінах Эўрапейскага Зьвязу.
- Я прасіў бы ўсіх прайсьці апытаньне і адказаць, ці ёсьць у вас патрэба ў такім дакумэнце, якія прычыны падштурхоўваюць, каб падаваць заяву на яго. Нам гэта дапаможа ацаніць запыт і атрымаць зьвесткі, якімі мы будзем карыстацца ў кампаніі прызнаньня гэтага пашпарта.