Азараў расказаў дэталі падрыхтоўкі пляну «Перамога»

Аляксандар Азараў

«Наша справа — рэалізацыя пляну зьвяржэньня дыктатуры ў Беларусі і вызваленьня нашай краіны ад фактычнага паглынаньня Расеяй».

Аляксандар Азараў, каардынатар пляну «Перамога» і падпольнага руху пры Аб’яднаным пераходным кабінэце, расказаў пра этапы падрыхтоўкі пляну, колькасьць яго ўдзельнікаў і гарантыі бясьпекі іхных асабістых зьвестак:

«Мы шкадуем аб тым, што раскол, які здарыўся ўнутры ByPol, даставіў радасьць нашым ворагам. Але крызіс у нашай арганізацыі два месяцы таму і зьмены ў яе складзе не паўплывалі на бясьпеку ўдзельнікаў пляну. Асабістыя дадзеныя надзейна абароненыя, выцек інфармацыі немагчымы.

Наша справа — рэалізацыя пляну для зьвяржэньня дыктатуры ў Рэспубліцы Беларусь і вызваленьня нашай краіны ад фактычнага паглынаньня Расейскай Федэрацыяй», — заявіў Азараў.

Ён таксама падсумаваў асноўныя вынікі сваёй дзейнасьці ў рэалізацыі пляну:

  • зарэгістравана 200 тысяч заявак у чат-боце пляну «Перамога»;
  • апрацавана больш за палову заявак удзельнікаў, якія прайшлі рэгістрацыю;
  • праведзена падрыхтоўчая праца з 10 тысячамі зь іх;
  • былі прызначаныя кіраўнікі атрадаў і вызначаныя раёны канцэнтрацыі сіл;
  • арганізавана надзейная сувязь і каардынацыя;
  • арганізавана ўзаемадзеяньне і абмен інфармацыяй аб сытуацыі ў Беларусі з дэмакратычнымі дзяржавамі-партнэрамі;
  • рэалізаваны шэраг спэцыяльных апэрацый у Беларусі, у тым ліку апэрацыя пашкоджаньня расейскага самалёта А-50.


Удзел у пляне «Перамога» заўсёды быў і застаецца добраахвотным, падкрэсьліў Азараў. Далучыцца да яго можна толькі праз арыгінальны чат-бот. Тыя, хто вырашыў выйсьці з пляну і адпісацца ад чат-боту, могуць зрабіць гэта паводле інструкцыі ад «Кібэрпартызанаў».

«Плян „Перамога“ — шлях да зьвяржэньня дыктатуры. Свабоду Беларусі ніхто не падорыць. Мы павінны дамагчыся яе самастойна», — падкрэсьліў Аляксандар Азарааў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфэрэнцыя дэмакратычных сілаў вачыма рэпартэра і аналітыка. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская звольніла Азарава і абвясьціла пра новыя прызначэньні