Размова пра кнігу выдавецтва «Беларускі кнігазбор» «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы».
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» на просьбу пракуратуры Менску прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да кнігі і два вершы самога клясыка беларускай літаратуры — «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда».
Гэтыя вершы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч напісаў перад паўстаньнем Кастуся Каліноўскага супраць расейскага імпэрскага прыгнёту на беларускіх землях.
Зрэшты, верш «Гутарка старога дзеда» часам прыпісваюць іншым аўтарам — Уладзіславу Сыракомлю ці Вінцэнту Каратынскаму. Тэкст «Гутаркі» публікавалі Карскі, Гарэцкі, яна знаходзіцца ў многіх сучасных хрэстаматыях, цытуецца ў навуковых працах.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — беларускі паэт, драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатру, першы клясык новай беларускай літаратуры. Падчас паўстаньня 1863–1864 гадоў абвінавачваўся ў распаўсюджваньні «шкодных для ўраду» ідэй. Расейская паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданьняў. Хоць непасрэднага ўдзелу Дунін-Марцінкевіча ў паўстаньні не даказалі, яго арыштавалі і пісьменьнік больш за год правёў у менскай турме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавец Янушкевіч: «Рэжым Лукашэнкі прымае беларускую культуру толькі ў фальклёрна-савецкіх фарбах» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё выдавецтваў, прызнаньне кніг экстрэмісцкімі, рэлякацыя — дасьледчыкі распыталі незалежных беларускіх кнігавыдаўцоў аб іх працы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбраныя творы Геніюш, Някляева, Арсеньневай і іншых аўтараў трапілі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»