Расейскія войскі абстралялі Херсонскую, Днепрапятроўскую і Харкаўскую вобласьці. Загінулі два чалавекі

Ілюстрацыйнае фота. Наступствы начных абстрэлаў Адэскай вобласьці 16 жніўня 2023 году

Расейскія войскі днём 16 жніўня абстралялі Херсонскую, Днепрапятроўскую і Харкаўскую вобласьці, у выніку чаго загінулі два чалавекі, яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненьні.

У Херсонскай вобласьці пад абстрэл трапіла вёска ў Берыслаўскім раёне, загінуў мясцовы жыхар, паведаміла прэс-служба офіса генэральнага пракурора Ўкраіны.

У выніку абстрэлаў Мяжэўскай грамады Сінельнікаўскага раёну Днепрапятроўскай вобласьці загінуў 18-гадовы хлопец. Яшчэ чатыры чалавекі пацярпелі, сярод іх двухгадовае дзіця, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак. Дзіця ў здавальняючым стане. Таксама ў выніку абстрэлаў загарэлася сельгаспрадпрыемства, агонь ахапіў больш за 400 квадратных мэтраў.

У Харкаўскай вобласьці расейскія войскі абстрэльвалі населеныя пункты Харкаўскага, Купянскага і Чугуеўскага раёнаў, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Ад абстрэлу загарэліся прыватныя і дачныя дамы. Паводле яго, інфармацыя пра пацярпелых не паступала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў атакавала марскі порт на Адэшчыне: зьнішчыла ангары з збожжам і сельгастэхніку

У ноч на 16 жніўня Расея атакавала Адэскую вобласьць дронамі-камікадзэ тыпу «Шахед». У выніку атакі на адзін з партоў на Дунаі пашкоджаньні атрымалі складзкія памяшканьні і збожжасховішчы, узьніклі пажары, якія апэратыўна патушылі супрацоўнікі Дзяржаўнай службы з надзвычайных сытуацый. Ахвяраў і пацярпелых у выніку начнога нападу па рэгіёне няма.

У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі атакавалі Адэскую вобласьць некалькі разоў за ноч, дроны запускалі з Прыморску-Ахтарску Краснадарскага краю і Чауды ў анэксаваным Крыме. Сілы СПА зьбілі 13 ударных бесьпілётнікаў, паведамілі ў камандаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея з поўначы і поўдня атакавала Дніпро, Луцк і Львоў. Ёсьць ахвяры і пацярпелыя