Сьцісла:
- «Смаленская» ініцыятыва мае ў сябе істотны патэнцыял, паколькі смаленская зямля ў гісторыі пераходзіла даволі часта з рук у рукі.
- Расея зьяўляецца даволі дзіўнай дзяржавай з гледзішча адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзяленьня.
- Крэмль анэксіяй Крыму ў 2014 годзе і цяперашняй вайной з Украінай размывае межы Расеі, робячы іх умоўнымі і праблематычнымі.
- Вялікая тэрыторыя Расеі сама па сабе нараджае пэўную непазьбежнасьць цэнтралізму.
- Адбываецца ўзмацненьне цэнтралізму ў расейскім грамадзкім жыцьці і ў настроях насельніцтва.
— Днямі ў Варшаве абвясьцілі пра стварэньне «Смаленскага рэспубліканскага цэнтру», які будзе імкнуцца да незалежнасьці Смаленшчыны ад Расеі і ў будучыні да яе шчыльнай супрацы зь Беларусьсю. Пра гэта заявіў дэпутат Смаленскай абласной думы Ўладзіслаў Жывіца. Арганізатарам мерапрыемства зь беларускага боку стаў адзін з кіраўнікоў Руху беларускіх нацыяналістаў і сябра Каардынацыйнай рады Ян Рудзік. Як бы вы ацанілі гэтую навіну з гледзішча палітычных і інфармацыйных тэхналёгіяў?
— Трэба адзначыць, што сама гэта ідэя выглядае вельмі ярка. З Расеі за час апошніх рэпрэсіяў выехала каля ста дэпутатаў розных узроўняў. Многія з іх знаходзяцца ў няпэўным стане, думаюць, што рабіць далей, ці будзе магчымасьць удзельнічаць у выбарах. Відавочна, што ўсё гэта адсоўваецца ў нейкае недасяжную будучыню.
На гэтым фоне ініцыятыва смаленскага дэпутата выглядае прывабна і гучна. У Расеі каля 10 гадоў таму быў яркі сэпаратысцкі рух, зьвязаны з Інгерманляндыяй. Ён у той час пераважна насіў характар арт-акцыі. Але паколькі Крэмль паступова вар’яцеў і дзічэў, то інгерманлянды ператварыліся ў рэальную пагрозу для расейскіх уладаў.
«Смаленская» ініцыятыва, якую мы абмяркоўваем, мае ў сабе істотны патэнцыял, паколькі смаленская зямля ў гісторыі пераходзіла даволі часта з рук у рукі.
— У канцы сьнежня 1918 году менавіта ў Смаленску была абвешчаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і большая частка Смаленскай губэрні ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, а Смаленск да 5 студзеня 1919 году быў яе сталіцай.
— Так, гістарычныя сувязі з Беларусьсю вельмі глыбокія. Таму ў цэлым мая рэакцыя на такую ініцыятыву — «А чаму б і не?».
І тут трэба сказаць, што вайна, якую разьвязаў Крэмль, абвастрае пытаньне аб межах Расеі. Крэмль анэксіяй Крыму ў 2014 годзе і цяперашняй вайной з Украінай размывае межы Расеі, робячы іх умоўнымі і праблематычнымі. У постсавецкі пэрыяд Расея зьяўляецца даволі дзіўнай дзяржавай з гледзішча адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзяленьня. Яно перадалося ў спадчыну ад Савецкага Саюзу, і мала хто можа даць лягічны адказ, чаму, напрыклад, у складзе Расеі ёсьць Яўрэйская аўтаномная вобласьць на Далёкім Усходзе. Калі Пуцін прыйшоў да ўлады, то вельмі актыўна ставілася пытаньне пра перакосы ў гэтым адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленьні, ці можна ўзбуйніць рэгіёны, перамаляваць адміністрацыйную мапу Расейскай Фэдэрацыі.
Так што ў тых крокаў, пра якія заявіў гэты смаленскі дэпутат, ёсьць вялікі гістарычны кантэкст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ян Рудзік пра ідэю Смаленскай Рэспублікі: «Гэта ня розыгрыш, у нас сур’ёзныя пляны»— Як большасьць апазыцыйных расейскіх палітыкаў, якія сёньня апынуліся за мяжой, ставіцца да такіх ідэяў? Ці не ўспрымуць яны гэта як правакацыю, як падставу для крамлёўскай прапаганды назваць іх ворагамі Расеі, якія жадаюць яе развалу? Нейкія сур’ёзныя палітыкі могуць далучыцца да ініцыятывы пакуль мала каму вядомага смаленскага дэпутата?
— У расейскай палітычнай апазыцыі ёсьць дзьве тэндэнцыі. Частка лічыць, што ніякіх перадумоваў для развалу Расеі, распаду Расеі няма. І яны гэта аргумэнтуюць станам рэгіянальных элітаў, тым тыпам унітарнай дзяржавы, якую дэ-факта стварыў Пуцін.
Іншыя ж даволі актыўна ставяць пытаньне пра магчымы распад Расейскай Фэдэрацыі. І тут даволі шмат самых розных ідэяў. Адна зь іх — што калі б на тэрыторыі сёньняшняй Расеі ўтварыўся нейкі саюз рэгіёнаў з колькасьцю насельніцтва 10-15 мільёнаў чалавек, то на гэтай тэрыторыі значна лягчэй было б пабудаваць сучасную дэмакратычную дзяржаву. Бо многія лічаць, што вялікая тэрыторыя Расеі сама па сабе нараджае пэўную непазьбежнасьць цэнтралізму і той формы кіраваньня, якая глыбока антыдэмакратычная і імкнецца да нейкай формы аўтарытарызму.
І, вядома, у расейскай апазыцыі даволі шмат людзей, якія лічаць, што добра было б вярнуцца ад традыцыі так званай Масковіі да традыцыяў Наўгародзкай рэспублікі і Ганзэйскага саюзу. І ў гэтым сэнсе Смаленская вобласьць, нягледзячы на свой цяперашні даволі маркотны сацыяльна-эканамічны стан, мае сваю самастойную гісторыю ўнутры эўрапейскага сьвету.
У любым выпадку такія ініцыятывы цікавыя тым, што яны хаця б вядуць да дыскусіі, ставяць пытаньне, і гэта не бессэнсоўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У сёньняшніх межах Расея заўсёды будзе агрэсарам», — украінскі філёзаф— Вядома, любы расейскі рэгіён мае свае гістарычныя падставы, абгрунтаваньні для самастойнасьці. Але калі глянуць на сёньняшнюю Расеі, на настроі палітычных элітаў і шырокіх народных масаў — як бы вы ацанілі імавернасьць кардынальных зьменаў межаў Расеі, таго, што можна назваць «распадам Расеі»?
— Я ацэньваю гэта як вельмі маларэалістычны сцэнар. У першую чаргу таму, што Крэмль цяпер вельмі эфэктыўна выкарыстоўвае страхі расейскага насельніцтва перад Захадам, перад нейкай сілай, якая нібыта пагражае цэласнасьці Расеі і бясьпецы расейскіх грамадзянаў. На гэтым фоне адбываецца ўзмацненьне цэнтралізму ў расейскім грамадзкім жыцьці і ў настроях насельніцтва.
Большасьць насельніцтва заўсёды будзе з жахам ставіцца да таго, што могуць адбыцца нейкія падзелы ў краіне. Маўляў, гэта будзе зьвязана з хаосам, вулічнай злачыннасьцю, бандытызмам. Пэрспэктыва распаду палохае больш за ўсё.
Трэба дадаць і фундамэнтальны эканамічны чыньнік. Большая частка насельніцтва працуе ў сыстэме дзяржаўнага бюджэту, дзяржаўнага фінансаваньня. У тым ліку нават і прадпрымальнікі. Гэта бюджэт злучае ўсё, і адключэньне ад гэтай крыніцы палохае і рэгіянальныя эліты, і чыноўнікаў, і само насельніцтва.
Але трэба адзначыць, што нават у такой сытуацыі ў Расейскай Фэдэрацыі не спыняецца барацьба за пэўны формы аўтаноміі і захаваньне мясцовых моваў. Ніколі не спыняўся і ўральскі, і сібірскі культурны сэпаратызм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прэзэнтавалі «сьцяг вольнага Смаленску» і адкрылі «Смаленскі рэспубліканскі цэнтар» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У цяперашніх межах Расея заўсёды будзе агрэсарам», — украінскі філёзаф Аляксей Паніч