КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» праваабарончы праект «Гомельская вясна» і стартап-хаб «Імагуру»
Гэта вынікае з абноўленага пераліку на сайце МУС, рашэньне прынятае 9 жніўня.
Стартап-хаб «Імагуру», задачай якога было прасоўваньне маладога бізнэсу, працаваў у Беларусі больш за 7 гадоў. За гэты час «Імагуру» дапамог стварыць больш за 300 стартапаў, прыцягнуў у беларускі бізнэс больш за 100 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў, сьцьвярджаюць яго стваральнікі.
У красавіку 2021-га холдынг «Гарызонт», у якога «Імагуру» арандаваў трохпавярховы будынак на вуліцы Фабрыцыюса ў Менску, без тлумачэньня прычын не працягнуў стартап-хабу дамову арэнды. Праз паўгода, у красавіку 2021-га, «Імагуру» адкрыў офіс у Вільні, а ў сакавіку 2023 году — у Варшаве (Imaguru Startup HUB Warsaw).
Сярод удзельнікаў стартап-хаба ўказваецца лідэрка ініцыятывы Тацяна Марыніч, а таксама Анастасія Хамянкова, Андрэй Новак і Кацярына Болтан-Сьміт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша мэта — расьці як панэўрапейскі стартап-хаб». Чым будзе займацца «Імагуру» ў ВаршавеУдзельніцай праваабарончага праекту «Гомельская вясна» пазначаная Ларыса Шчыракова — журналістка, якую абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі (артыкул 369-1 КК) і садзейнічаньні «экстрэмісцкай» дзейнасьці (ч. 1 і ч. 2 артыкула 361-4 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі судзяць журналістку Шчыракову. Ёй пагражае да 7 гадоў зьняволеньня- Паводле зьвестак праваабаронцаў, у ліпені 2023 году колькасьць «экстрэмісцкіх фармаваньняў» у Беларусі дасягнула 137. У сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці», улады дадалі ў ліпені 94 чалавекі, на канец ліпеня ў сьпісе значылася 3086 імёнаў. Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнены зьвесткамі на падставе 58 рашэньняў судоў.