Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што «падразьдзелы Ўзброеных сіл Азэрбайджану адкрылі агонь са стралковай зброі па назіральніках Эўразьвязу і іхнай машыне»,
Як паведаміла армянскае агенцтва ARMENPRESS, эўрапейскія назіральнікі нібыта патрулявалі мясцовасьць у кірунку населенага пункту Верын Шоржа Гегаркуніцкай вобласьці.
Армянскі бок удакладніў, што ў выніку стральбы ніхто не пацярпеў.
Азэрбайджанскі бок пакуль не камэнтуе гэты інцыдэнт. Напярэдадні Азэрбайджан абвінаваціў Армэнію ў разьмяшчэньні сваіх Узброеных сіл на ўмоўнай мяжы.
15 жніўня азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва AZƏRTAC апублікавала заяву грамады Заходняга Азэрбайджану, у якой місію Эўрапейскага Зьвязу назвалі «рупарам Армэніі». Паводле грамады Заходняга Азэрбайджану, эўрапейскія назіральнікі ігнаруюць, што «з тых тэрыторый, якія яны патрулююць, некалі гвалтоўна выгналі азэрбайджанцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговы інцыдэнт у Карабаху: Азэрбайджан адмовіўся прапусьціць праз Лачынскі калідор калёну грузавікоўУ ліпені Азэрбайджан прыпыніў рух праз кантрольна-прапускны пункт у Лачынскім калідоры ў чаканьні расьсьледаваньня, пасьля таго як нібыта ў аўтамабілях Чырвонага Крыжа, якія ішлі з Армэніі, выявілі «розныя віды кантрабанды». Прыпыненьне руху ўзмацніла занепакоенасьць гуманітарным крызісам у Нагорным Карабаху.
У сярэдзіне ліпеня прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян правялі ў Брусэлі (Бэльгія) новы раўнд мірных перамоваў. Пасярэднікам на іх быў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, які назваў перамовы «шчырымі, сумленнымі і па сутнасьці». Аднак бакі тады не дасягнулі канкрэтных дамоўленасьцяў.
Расея таксама імкнецца стаць удзельнікам працэсу ўрэгуляваньня канфлікту вакол Нагорнага Карабаху. Масква прапанавала правесьці ў сябе саміт з удзелам дзьвюх краін.
Завяршэньне шматгадовага канфлікту стала больш рэальным пасьля таго, як Ерэван пагадзіўся прызнаць тэрытарыяльную цэласнасьць Азэрбайджану, уключаючы Нагорны Карабах.
У той жа час Армэнія патрабуе міжнародных мэханізмаў абароны правоў і бясьпекі армянскага насельніцтва рэгіёну. Баку ж настойвае на тым, што такія гарантыі павінны давацца на нацыянальным узроўні, і адмаўляецца ад любога міжнароднага фармату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія і Азэрбайджан дамовіліся аб узаемным прызнаньні тэрытарыяльнай цэласнасьціАрмэнія і Азэрбайджан вялі дзьве вайны за Нагорны Карабах, горны анкляў, населены пераважна армянамі, які міжнародна прызнаны часткай Азэрбайджану. Апошняя вайна доўжылася шэсьць тыдняў у канцы 2020 году і прывяла да гібелі 7000 салдат з абодвух бакоў. У выніку вайны Азэрбайджан вярнуў кантроль над часткай Нагорнага Карабаху і сямю прылеглымі раёнамі. Вайна скончылася спыненьнем агню пры пасярэдніцтве Расеі, згодна зь якім Масква разгарнула каля 2000 вайскоўцаў для выкананьня міратворчых абавязкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі заявілі аб магчымым выхадзе з АДКБ і антырасейскіх настроях у Нагорным Карабаху