Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян сустрэліся ў Брусэлі для новага раўнду мірных перамоваў. Як паведаміў у суботу, 15 ліпеня, прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, які выступаў пасярэднікам, перамовы былі «шчырымі, сумленнымі і па сутнасьці».
«Я заклікаў іх зрабіць сьмелыя крокі для забесьпячэньня рашучага і незваротнага прагрэсу ў нармалізацыі, — цытуе Мішэля AFP. — Першым прыярытэтам павінна стаць спыненьне гвалту і жорсткай рыторыкі, каб стварыць належнае асяродзьдзе для міру».
Мішэль таксама заявіў аб намеры арганізаваць новую сустрэчу Аліева і Пашыньяна ў Брусэлі, а таксама ў Гішпаніі з удзелам канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона ў кастрычніку.
У сваю чаргу ў МЗС Армэніі паведамілі, што на перамовах гаворка ішла, у прыватнасьці, аб «паглыбленьні гуманітарнага крызісу ў Нагорным Карабаху». Абодва бакі «дамовіліся актывізаваць працу па вырашэньні існуючых праблем», дадалі ў ведамстве.
Пры гэтым Расея таксама імкнецца стаць удзельнікам працэсу ўрэгуляваньня канфлікту вакол Нагорнага Карабаху, піша Reuters. Масква прапанавала правесьці ў сябе саміт з удзелам дзьвюх краін.
Перамовы праходзілі на фоне аднаўленьня напружанасьці паміж дзяржавамі. Гэта адбылося пасьля таго, як 11 ліпеня Азэрбайджан закрыў Лячынскі калідор — адзінае сухапутнае злучэньне паміж Нагорным Карабахам і Армэніяй.
14 ліпеня каля 6 тысяч чалавек выйшлі на мітынг у Карабаху, патрабуючы аднавіць рух па Лячынскім калідоры і папярэджваючы аб гуманітарным крызісе. Пазьней Азэрбайджан дазволіў Чырвонаму Крыжу і Паўмесяцу аднавіць мэдыцынскую эвакуацыю з Карабаху ў Армэнію.
Завяршэньне шматгадовага канфлікту стала больш рэальным пасьля таго, як Ерэван пагадзіўся прызнаць тэрытарыяльную цэласнасьць Азэрбайджану, уключаючы Нагорны Карабах.
У той жа час Армэнія патрабуе міжнародных мэханізмаў абароны правоў і бясьпекі армянскага насельніцтва рэгіёну. І Баку настойвае на тым, што такія гарантыі павінны прадаставіць на нацыянальным узроўні, адмаўляючыся ад любога міжнароднага фармату.