Існуе верагоднасьць, што 18 жніўня Літва закрые два памежныя пераходы зь Беларусьсю — Шумск і Цьверач (Лоша і Відзы зь беларускага боку). Пра гэтага казала намесьніца міністра транспарту Літвы Габрыеле Васіляўскайце. Канчатковае рашэньне літоўскі ўрад прыме 16 жніўня.
Ёсьць размовы, што межы зь Беларусьсю часткова ці цалкам могуць закрыць і Польшча з Латвіяй. Асноўная прычына — небясьпека з боку вагнэраўцаў і больш частыя правакацыі зь беларускага боку мяжы.
Свабода апытала апазыцыйных палітыкаў пра тое, што яны думаюць пра магчымае закрыцьцё межаў з Эўразьвязам.
Сахашчык: «Лукашэнка выконвае загады Масквы»
Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту па пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валеры Сахашчык кажа, што карысьці ад такога ня будзе найперш Беларусі.
«Мы ўсе разумеем, чаму гэта робіцца. Беларусь правакуе здарэньні на мяжы. І краіны Эўропы вымушаныя бараніць свае межы. Беларусі будзе больш страт, бо сотні тысяч грамадзян Беларусі працуюць у Эўропе. І кожны зь іх зарабляе мінімум 1,5 тысячы эўра. І гэтыя грошы едуць у Беларусь. Дый сам Лукашэнка шмат у чым жыве за кошт кантрабанды цыгарэт і іншых тавараў. На мой розум, з боку Лукашэнкі — гэта стрэл сабе ў нагу. Ня ведаю, ці разумее ён гэта. Але ня ён прымае рашэньне, ён робіць тое, якія загады яму аддаюць з Крамля».
Што тычыцца Эўропы, то Сахашчык лічыць, што для іх сытуацыя будзе спакайнейшая, калі на мяжы ня будзе кантрабанды і беспарадкаў.
«Вельмі шмат беларусаў апынуцца ў сытуацыі, калі ім трэба будзе вырашаць, дзе заставацца, ці ў Эўропе, ці ў Беларусі. Яны будуць без магчымасьці зарабляць і карміць сваіх дзяцей і жонак. Пэрспэктыва ня вельмі добрая. „Вагнэр“ сёньня ўсё ж не ўяўляе сабой нейкай вайсковай сілы, каб пагражаць агрэсіяй ці ваеннай апэрацыяй, але для правакацый і дывэрсій іх дастаткова, і яны могуць гэта рабіць і ўмеюць», — кажа спадар Сахашчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё межаў Беларусі з ЭЗ выгадна Расеі, найбольш пацярпяць беларусы, — палітоляг Роза ТурарбекаваКавалеўскі: «Я найбольш пасую для фільтрацыі»
Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валер Кавалеўскі кажа, што Польшча пайшла гэтым шляхам раней, а Літва ў пэўным сэнсе толькі даганяе суседку.
«Мы выступаем за тое, каб пасажырскі рух для беларусаў на мяжы з Эўразьвязам заставаўся адкрытым. Каб людзі маглі падтрымліваць больш культурных, адукацыйных, чалавечых сувязяў, тым больш шмат сем’яў падзеленыя мяжой. Мы выступаем за тое, каб правы беларусаў і магчымасьць падарожнічаць ніяк не былі закранутыя. Непакоіць той факт, што рашэньні прывязаныя да разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі. Складана зразумець тут лёгіку. Бо наўрад ці вагнэраўцы паехалі б на Відзы ці Лошу, абвешаныя зброяй, каб перасякаць мяжу», — кажа Кавалеўскі.
Таксама прадстаўнік Ціханоўскай закрануў іншую тэму — пазбаўленьня права пражываньня ў Літве сотням беларусаў, які мелі дачыненьне да дзяржаўнай службы ці бюджэтнай сфэры. Ён іранічна заўважае, што павінен быў першым трапіць пад такія «фільтрацыі».
«Я працаваў восем гадоў у МЗС, меў сустрэчы з топавымі афіцыяламі, меў доступ да сакрэтнай інфармацыі, маю афіцэрскае званьне пасьля вайсковай катэдры, вучыўся зь Віктарам Лукашэнкам. На мне таўро няма дзе ставіць. Мне непрымальна, што лідэры дэмакратычнага руху будуць забясьпечаныя магчымасьцю далей жыць у Літве, тады як беларусы, якія наўпрост ня ўдзельнічаюць у руху, трапляюць у групу рызыкі. Таму мы думаем, што будзе зь імі, калі зьедуць зь Літвы. Яны ж не паедуць у Беларусь, а паедуць далей у краіны Эўразьвязу — і як ім там тлумачыць, што яны зьехалі зь Літвы праз пагрозу нацыянальнай бясьпецы? І хто захоча прымаць такіх людзей? Шмат вострых пытаньняў», — кажа Валер Кавалеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суседзі ўжо дамовіліся, як можна закрыць мяжу зь Беларусьсю. Разьбіраемся, што будзе, калі гэта спраўдзіццаКарач: «Як лячыць апэндыцыт, але адрэзаць нагу»
Прадстаўніца кампаніі «Наш дом» Вольга Карач кажа, што яе стаўленьне да магчымага рашэньня аб закрыцьці межаў вельмі нэгатыўнае.
«Гэта як лячыць апэндыцыт, але адрэзаць нагу. Літоўскія палітыкі спасылаюцца на групу вагнэраўцаў у Беларусі. Маўляў, такая сытуацыя, трэба закрыць мяжу, бо яны могуць пайсьці на Літву. Але для „Вагнэра“ закрытыя межы — гэта не бар’ер. Яны ці пойдуць нелегальна, ці паедуць на танках. Колькі тых вагнэраўцаў у Беларусі? Восем тысяч? Вы што, уяўляеце, што яны пойдуць у амбасаду прасіць літоўскую візу? Калі ім візы і дадуць, то праз Вугоршчыну. Яны не паедуць празь беларуска-літоўскую мяжу, яны паедуць праз такую мяжу, дзе іх ніхто не зафіксуе. Закрыцьцё мяжы ўдарыць толькі па беларусах, якія ўцякаюць ад рэжыму, ці па іх родных, якія спрабуюць захаваць сацыяльныя сувязі і не губляць родных. Гэта ніяк не дапамагае змагацца з „Вагнэрам“ ці з Пуціным і Лукашэнкам», — лічыць Карач.
Лябедзька: «Дзейнічаюць інфармацыйна-дывэрсійныя групы»
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька не выключае, што ў выпадку пагрозаў межы могуць зачыніць цалкам, але такіх рэальных пагрозаў пакуль ня бачыць.
«Літва напярэдадні выбарчых кампаній. Таксама ня будзем хаваць, што дзейнічаюць інфармацыйна-дывэрсійныя групы, якія працуюць на грошы беларускага рэжыму і Пуціна. Яны ўкідаюць інфармацыю, якая дыскрэдытуе беларусаў і „заводзіць“ літоўцаў. Трэба змагацца з папулізмам і такімі дывэрсантамі. Калі беларусаў кінуць у адзін кошык з расейцамі і закрыюць межы, то гэта будзе на карысьць Лукашэнку. Гэта прынясе рэпутацыйныя мінусы і Літве, і Польшчы. Каб змагацца з рэжымам Лукашэнкі, то ня Лошу трэба закрываць. Гэта хутчэй змаганьне зь беларусамі, і яно будзе штурхаць палітычнае балота да Лукашэнкі», — лічыць палітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Польшча папярэджвае рэжым Лукашэнкі», — польскі экспэрт КлысіньскіЯгораў: «Я разумею, бо рыторыка Лукашэнкі агрэсіўная»
Сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў мяркуе, што такое рашэньне нэгатыўна адаб’ецца на жыцьці простых беларусаў.
«Разам з тым я разумею неабходнасьць такога кроку ў сувязі зь вельмі агрэсіўнай рыторыкай рэжыму Лукашэнкі, які сьвядома ідзе на эскаляцыю сытуацыі. Гэта яшчэ адна дэманстрацыя таго, што Лукашэнку і ягонаму блізкаму колу напляваць на патрэбы беларускага народу. Неабмежаваная ўлада заўсёды вядзе да максымальна нэгатыўных наступстваў, у тым ліку да вайны і міжнароднай ізаляцыі. У Беларусі даўно зьнішчаны ўсе інстытуты грамадзкага кантролю ўлады. У краіне няма рэальнага парлямэнтарызму, а ўлада Лукашэнкі і ягонай групоўкі неабмежаваная, дыктатар стаіць па-над законам».
Ягораў падкрэсьлівае, што беларускі народ ня хоча сварыцца з суседзямі, а хоча быць часткай эўрапейскай прасторы.
«Але ў народу цяпер няма мэханізму ўзьдзеяньня на нелегітымную ўладу і яе згубныя для нашай краіны рашэньні. Беларусам важна засвоіць гэты гістарычны ўрок. Важна ўжо цяпер ствараць правобраз будучага нацыянальнага парлямэнту, правільны ўзор узаемадзеяньня грамадзтва і дзяржавы», — кажа Ягораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская армія пачала апэрацыю «Rengaw» на мяжы зь Беларусьсю
Латушка: «Лукашэнку далі ясны мэсыдж»
Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па пытаньнях транзыту ўлады Павал Латушка кажа, што такое рашэньне будзе прымацца толькі зь меркаваньняў бясьпекі Літвы, Латвіі і Польшчы.
«На сёньняшні дзень Лукашэнку дадзены вельмі дакладны мэсыдж: у тым выпадку, калі ён працягне дэстабілізацыю на межах зь дзяржавамі — удзельніцамі NATO і Эўрапейскага Зьвязу, гэтыя дзяржавы сынхронна, зыходзячы з узгодненай пазыцыі, ажыцьцявяць закрыцьцё памежных пунктаў пропуску. Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі зьвярнуўся да міністраў замежных справаў Польшчы, Літвы і Латвіі. Гэты зварот рыхтавала прадстаўніцтва па пытаньнях транзыту ўлады, і ён накіраваны за подпісам кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай — з просьбай пры разглядзе пытаньняў закрыцьця пунктаў пропуску ўлічыць інтарэсы грамадзян Беларусі, якія не падтрымліваюць вайну супраць Украіны, не падтрымліваюць агрэсію і выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі», — кажа Латушка.
Кіраўнік НАУ расказвае, што адбыліся перамовы з прадстаўніком Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы і літоўскім бокам.
«Мы чулі з вамі заяву прэмʼер-міністаркі Літвы, якая заявіла, што калі рашэньне аб закрыцьці межаў будзе прынятае, „гуманітарны калідор застанецца ў любым выпадку“. Аналягічныя нефармальныя запэўніваньні аб тым, што гэтыя інтарэсы захаваць гуманітарныя калідоры для грамадзян Беларусі будуць улічаны, прагучалі і ў ходзе камунікацыі з польскім бокам. Мы спадзяёмся, што нашы партнэры прымуць рашэньні, улічваючы інтарэсы грамадзян Беларусі».
* * *
Таксама Свабода зьвярталася па камэнтар да Валера Цапкалы, але не атрымала адказу.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.