Хроніка перасьледу 14 жніўня: Затрымалі топ-мэнэджара БелАЗу; масавыя затрыманьні ў Наваградку

Ілюстрацыйнае фота

Сілавікі затрымалі дырэктара Цэнтру тэхнічнай падтрымкі «КМА-БелАЗ».

Затрыманы топ-мэнэджар БелАЗу

«КМА-БелАЗ» — гэта прадстаўніцтва БелАЗу ў Белгарадзкай вобласьці Расеі. Відэа зь ім апублікавалі ў праўладным тэлеграм-канале. Паводле якога артыкулу затрымалі Фёдарава, не ўдакладняецца, піша «Медиазона».

На відэа, якія традыцыйна запісваюць сілавікі пад фізычным і псыхалягічным ціскам, Андрэй Фёдараў у разарванай на рукавах кашулі, у яго тату зь беларускай нацыянальнай сымболікай. Па Беларусі пракацілася цэлая хваля затрыманьняў за тату ў нацыянальным духу.

Імаверна, топ-мэнэджара затрымалі за нядзельныя маршы ў 2020-м і нэгатыўныя камэнтары супраць сілавікоў у інтэрнэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі прымусілі дваіх беларусаў выправіць татуіроўкі з апазыцыйнай сымболікай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК прымусіў беларуса зьвесьці татуіроўку з цытатай Янкі Купалы

Затрыманьні ў Наваградку

Праваабарончая арганізацыя «Вясна» паведаміла, што на мінулым тыдні міліцыянты затрымалі на працоўных месцах ня менш як траіх супрацоўнікаў Наваградзкага заводу газавай апаратуры.

Сярод затрыманых ёсьць жанчына. Як паведамілі праваабаронцам, затрыманьні на заводзе адбываюцца амаль кожны тыдзень за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Супрацоўнікаў прымушаюць здаваць тэлефоны на праверку.

«Чысткамі» на прадпрыемстве нібыта займаецца былы супрацоўнік Наваградзкага РАУС Машчар, які цяпер працуе ідэолягам на НЗГА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы даведаліся новыя акалічнасьці затрыманьня Вольгі Брыцікавай і Аляксандра Кухаронка