«Ператрус — выдуманае „змагарамі“ слова»
Ад канца мінулага года вядоўцай ютуб- і тык-ток-каналаў ГУБАЗіКу стала Тацяна Трацяк. Яна адразу дадала разнастайнасьці гэтым рэсурсам: да прыходу Трацяк там публікаваліся пераважна відэа, на якіх сілавікі змушалі апраўдвацца затрыманых пратэстоўцаў.
Трацяк стала ўносіць элемэнты шоў і гульні. Яна можа зьявіцца ў кадры ў вобразе Шахеразады, піраткі, настаўніцы з глыбокім дэкальтэ. Тое самае ў адзеньні — у майцы з выявай Чабурашкі і надпісам «лепшае, вядома, наперадзе».
Новая вядоўцы нават публікавала ў тэлеграм-канале свае здымкі ў купальніку з пляжаў. Яна стала весьці агляды гэтак званай «антыэкстрэмісцкай дзейнасьці». У тэлеграм-канале ГУБАЗіКу зьявілася рубрыка «Слова на мове».
Вось некалькі прыкладаў. «ГУБАЗіК — страх і жах усіх экстрэмістаў. Шкада, што ў іх няма свайго тэлеграм-каналу». Пэўна, так было патрэбна, каб Тэлеграм чарговы раз ня выдаліў чарговы наваствораны канал сілавікоў. «Ператрус — выдуманае „змагарамі“ слова для наданьня нэгатыўнага сэнсу сьледчым дзеяньням». Тлумачыла таксама, што па-беларуску правільна казаць «салдат», а не «жаўнер», і шмат чаго яшчэ.
Стандартныя звароты Трацяк у ейных відэа — «Галачка, ты не паверыш», «Галачка, ты зараз памрэш». Гэта алюзія на савецкі фільм «Іван Васільевіч мяняе прафэсію».
Старшыня гуртку канстытуцыйнага права
Тацяна Трацяк нарадзілася ў 1992 годзе ў Менску. Бацькі жылі ў мікрараёне Сухарава на ўскраіне гораду, на вуліцы Шаранговіча.
Бацька Тацяны Фэлікс Трацяк паходзіць з Горак Магілёўскай вобласьці. Вядома, што ён працаваў зь нерухомасьцю ў агенцтвах «Твая сталіца» і БелЦТН.
Маці Валянціна таксама з Магілёўшчыны, зь Бялыніцкага раёну. Яна таксама экспэрт па нерухомасьці, працуе ў агенцтве «Юрыэлт».
Тацяна вучылася ў менскай гімназіі № 13 на вуліцы Адзінцова, але атэстат атрымлівала ўжо ў гімназіі № 12 на вуліцы Голубева.
Пасьля школы Трацяк паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Там яна пачала журналіскую дзейнасьць, супрацоўнічала з студэнцкімі выданьнямі. Захаваліся тэзісы яе дакладу аб недатыкальнасьці прыватнага жыцьця. Вось так яна выглядала ў час вучобы ў БДУ.
З 2012 да 2014 гады Трацяк была старшынёй гуртку канстытуцыйнага права, якім кіраваў былы генэральны пракурор і старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч. Займала пасаду намесьніцы галоўнага рэдактара ў студэнцкім часопісе UNItime.
Памочніца Дзевятоўскага
Па сканчэньні ВНУ ў 2016 годзе Тацяна ўладкавалася на працу ў Рэспубліканскі цэнтар падрыхтоўкі ў лёгкай атлетыцы. У той самы год перайшла на працу ў Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі.
Там яна значылася як вядучы юрысконсульт і сакратар дысцыплінарнай антыдопінгавай камісіі. Трацяк наведвала швайцарскую Лязану як адказная за маркетынг падчас падрыхтоўкі да матчу Эўропа — ЗША, што адбыўся ў Менску.
Будучы юрысконсультам, працягвала пісаць невялікія тэксты для сайту фэдэрацыі. БФЛА ў той час узначальваў вядомы ў мінулым кідальнік молата, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі. У верасьні 2018 году Дзевятоўскі прапанаваў прызначыць Трацяк сакратаркай апякунскае рады БФЛА, ніхто супраць ня быў. На гэтай пасадзе яна адказвала за фінансы Фэдэрацыі, рыхтавала справаздачы.
Ад 2012 да 2019 году Вадзім Дзевятоўскі быў таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Адной зь ягоных памочніц была якраз Тацяна Трацяк. Апошнія сьведчаньні аб працы Трацяк у БФЛА датуюцца 2019 годам. У жніўні 2020 году Дзевятоўскі асудзіў гвалт сілавікоў, пасьля чаго пазбавіўся пасады.
Нядоўга папрацавала ў «Мінскай праўдзе» і на АНТ
Вядома, што будучая вядоўца сацыяльных сетак сілавікоў нейкі час працавала ў «Мінскай праўдзе» і на тэлеканале АНТ.
«Мне па душы пісаць аб актуальным і сацыяльным: так удаецца лепш пазнаваць жыцьцё свайго рэгіёну, разумець праблематыку знутры. Працую ў рэдакцыі ня так даўно, таму з праектам мары ня вызначылася. Але дыплямаваны юрыст іншым разам напамінае пра сябе — хочацца напісаць матэрыял на праўную тэматыку, аб зьменах заканадаўства», — пісала сама пра сябе Трацяк на старонках «Мінскай праўды».
Наступным месцам яе працы стаў ужо ГУБАЗіК.
«Ня трэба гадаць, куды падзеўся мінулы канал, прыхільнікі эўрапейскіх ЛГБТ-каштоўнасьцяў ня вытрымалі нязручнай праўды [...] А мы працягваем вандраваць з аднаго каналу на іншы і расказваць вам аб прыгодах «экстрэмістаў», — казала Трацяк у адным зь відэа ў вобразе цыганкі.
У іншым роліку ўжо ў вобразе выкладчыцы ўнівэрсытэту яна кажа: «Укра-польскія экстрэмісты ў шоку ад таго, што звычайныя беларусы на дух не пераносяць нацыстаў». Пад «нацыстамі» Трацяк мела на ўвазе жыхарку Янава, якая слухала песьню «Україна понад усе» і падпявала ёй.
Любіла езьдзіць у Польшчу, Літву і Ўкраіну
Пры гэтым яшчэ зусім нядаўна Тацяна Трацяк любіла езьдзіць і ў Польшчу, і ў Літву, і ва Ўкраіну. «Кібэрпартызаны» прыслалі Свабодзе зьвесткі аб перасячэньнях межаў вядоўцы каналаў ГУБАЗіКу. Толькі за 2019 год яна езьдзіла ў Польшчу двойчы — у красавіку і сакавіку. А таксама чатыры разы ў Літву — красавік, ліпень, верасень, кастрычнік. І аднойчы ва Ўкраіну — у чэрвені. Падобнае назіраецца і ў іншыя гады.
У Інстаграме профіль Тацяны Трацяк закрыты. Выданьне «Наша Ніва» пісала, што ў сацыяльных сетках жанчына дэманструе багаты стыль жыцьця: кіно ў «Фальконе», вячэра — у «Лебядзіным», загараць — у Дубаі, уікэнд у Маскве, езьдзіць на амэрыканскім аўтамабілі «Тэсла».
СМІ пісалі, што першым мужам Трацяк быў легкаатлет Максім Сьцепанцэвіч. Такі спартовец з Горадзенскай вобласьці сапраўды існуе, але мужам журналісткі быў ягоны цёзка, які працаваў інжынэрам у ЕPAM. Сама Трацяк прызнавалася, што іхны шлюб пратрымаўся нядоўга.
Цягам апошніх трох гадоў Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК) пераўтварылася з малазаўважнай структуры, якая зрэдку зьяўлялася ў стужках з навінамі аб затрыманьні наркакур’ераў і футбольных фанатаў, у палітычную паліцыю, адказную за рэпрэсіі ў краіне. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу штодня затрымліваюць апанэнтаў рэжыму, прымушаючы іх здымацца ў відэароліках, якія пазьней публікуюць у сваіх сацсетках і мэсэнджэрах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі, выкладчыкі, пракуроры, судзьдзі. Партрэты афіцыйных асобаў, якія могуць мець дачыненьне да сьмерці Алеся Пушкіна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два баракі аднаго лягеру. Рэпрэсіі Лукашэнкі і рэпрэсіі Пуціна: хто чый прыклад пераймае