Тураўскі малочны камбінат апынуўся на мяжы дэфолту

Тураўскі малочны камбінат

Прадпрыемства ня здолела пагасіць аблігацыі перад іх трымальнікамі. Усё праз доўгую забарону на пастаўку прадукцыі ў Расею, куды з Турава ідзе 75% прадукцыі.

9 жніўня павінна было адбыцца пагашэньне аблігацый 3-га і 4-га выпуску ААТ «Тураўскі малочны камбінат», аднак трымальнікі аблігацый атрымалі толькі працэнты, сродкі ў пагашэньне намінальнай вартасьці аблігацый ім не паступілі.

Увечары камбінат праз прафэсійнага ўдзельніка рынку каштоўных папер ЗАТ «Айгеніс» разьмясьціў паведамленьне аб прычынах несвоечасовага выкананьня абавязаньняў.

Як піша «Экономическая газета», асноўная прычына — фінансавыя цяжкасьці, зьвязаныя з увядзеньнем забароны на пастаўку прадукцыі на тэрыторыю Расеі. Забарона дзейнічала з 12 красавіка па 11 ліпеня. Аб’ём продажаў на гэты рынак да ўвядзеньня забароны складаў 75% ад усіх продажаў камбіната.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея дасьць грошай беларускім заводам. У некаторых зь іх мільярдныя даўгі

Паведамляецца, што цяпер камбінат аднаўляе свае продажы ў Расею да ранейшых аб’ёмаў. У сувязі з уплывам вонкавых фактараў выкананьне абавязаньняў у пагашэньні аблігацый 3-га і 4-га выпускаў ААТ «Тураўскі малочны камбінат» будуць ажыцьцяўляць па меры фінансавай магчымасьці да канца жніўня 2023 году (паводле курсу Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь на момант фактычнага пагашэньня) з налічэньнем купоннага даходу ў 6,5% за пэрыяд затрымкі выплаты.

Першага жніўня Тураўскі малочны камбінат разьмясьціў на афіцыйным сайце фінансавую справаздачнасьць, у адпаведнасьці зь якой ён атрымаў за 6 месяцаў 2023 году страту 22,9 млн руб. супраць прыбытку 18,2 млн руб. годам раней.

Калі ў наступныя месяцы камбінат ня знойдзе спосаб рэфінансаваць кароткатэрміновыя абавязаньні, яму пагражае дэфолт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты за год — 40 мільёнаў. Што адбываецца з прадпрыемствамі, якім дзяржава дае субсыдыі