Усяго на ІІ Гульнях СНД залатыя мэдалі заваявалі прадстаўнікі васьмі дзяржаваў: Расеі, Беларусі, Узбэкістану, Азэрбайджану, Казахстану, Армэніі, Кыргызстану і Таджыкістану.
У гульнях, у праграме якіх прадугледжваліся спаборніцтвы ў 20 відах спорту, прымалі ўдзел 2200 спартоўцаў – акрамя краін СНД (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан і Узбэкістан) прадстаўнікі Бахрэйна, Кубы, Кубы, Вэнэсуэлы, Віетнама, Малайзіі, Эгіпта, Лівана, ААЭ, Манголіі, Пакістана, Амана і Ірана.
Беларусь праводзіла гэты турнір ва ўмовах санкцый заходніх краін за падтрымку вайны Расеі супраць Украіны. Ужо больш як год спартоўцы зь Беларусі, як і з Расеі, адхіленыя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах па пераважнай большасьці відаў спорту. Санкцыі рэкамэндаваў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і ўвялі фэдэрацыі пасьля ўварваньня РФ ва Ўкраіну, суагрэсарам якога быў названы Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі стартуюць ІІ Гульні краін СНД. Чым яны адметныяВыканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) Аляксандар Апейкін разважаючы пра спартовы ўзровень Гульняў краінаў СНД у Менску, кажа пра імклівую дэградацыю спорту ў Беларусі:
– Спорт ня можа існаваць ва ўмовах ізаляцыі. Каб разьвівацца, трэба выступаць на міжнародных спаборніцтвах, у кваліфікацыях. Яшчэ год такой ізаляцыі – і сытуацыя пагоршыцца яшчэ больш.
Апейкін лічыць, што рэч у дэградацыі сыстэмы на ўсіх узроўнях – «трэнэрскім, дзіцяча-юнацкім, мэнэджарскім»:
- Галоўным чынам гэта былі памылкі спартовага кіраўніцтва. Той жа міністар Кавальчук выконваў у асноўным ролю ідэоляга, а не спартовага кіраўніка. Ён займаўся ня спортам, а выбудоўваньнем ляяльнасьці да Лукашэнкі. У выніку сышліся некалькі нэгатыўных чыньнікаў. І цяпер зь ямы, у якой апынуўся беларускі спорт, нават у выпадку дэмакратычных зьменаў давядзецца выбірацца гадоў дзесяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гульні краінаў СНД на ўзроўні турыстычнага зьлёту альбо раённых спаборніцтваў, — Апейкін