У Беларусі пабольшала выпадкаў хваробы Лайма

Клешч

На 1 жніўня 2023 году ў Беларусі зарэгістравана каля 100 выпадкаў клешчавога энцэфаліту і больш за 950 выпадкаў хваробы Лайма.

Сёлета паказчыкі захворваньня на клешчавы энцэфаліт засталіся на ўзроўні аналягічнага пэрыяду мінулага году, а вось захворваньне на хваробу Лайма рэзка вырасла. Ажно ў 1,4 раза, паінфармавалі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.

Выпадкі захворваньня на клешчавы энцэфаліт зарэгістраваны ў 31 раёне краіны ў выглядзе адзінкавых выпадкаў. Таксама зарэгістраваны 2 ачагі ў Смаргонскім і Валожынскім раёнах па 2 выпадкі ў кожным. Інфэкцыя разьвівалася пасьля ўжываньня казінага малака.

У некалькіх раёнах Берасьцейскай (4) і Горадзенскай (3) абласьцей, дзе знаходзіцца Белавеская пушча, колькасьць выпадкаў клешчавога энцэфаліту традыцыйна вышэйшая за сярэдні ўзровень захворваньня ў краіне.

Цягам 7 месяцаў 2023 году хвароба Лайма адзначалася сярод жыхароў 79 рэгіёнаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне зрабілі апэрацыю Віталю Тысеву, якому беларусы зьбіралі грошы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя правілы для аграэкасядзіб: захоўваньне рыштунку, барацьба з кляшчамі, гукавая апаратура на мерапрыемствах