Група з 40 чалавек, якая складаецца ў асноўным з грамадзян Конга і Эрытрэі, спрабавала нелегальна прарвацца ў Польшчу зь Беларусі 11 жніўня, паведаміла польская Памежная служба.
«На ўчастку Дубічы Царкоўнае вялікая група з 40 агрэсіўна настроеных замежнікаў прабівалася празь мяжу. У аднаго зь іх быў нож, кідалі камяні. На месца здарэньня быў накіраваны аўтамабіль „Тайфун“ з вадамётамі», — гаворыцца ў паведамленьні польскай Памежнай службы.
Таксама, паводле польскіх памежнікаў, група з 25 грамадзян Іраку, Пакістану, Ірану, Туркмэністану і Сырыі незаконна перасекла раку ў раёне Белавежы. Замежнікаў затрымалі.
Агулам за мінулы дзень, 11 жніўня, у Польшчу з боку Беларусі нелегальна спрабавалі патрапіць 106 мігрантаў.
На латвійска-беларускай мяжы 11 жніўня затрымалі 39 чалавек, Літва спробаў нелегальнага пераходу мяжы зь Беларусі не зафіксавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскую мяжу з боку Беларусі штурмуюць мігранты з турыстычнымі і працоўнымі візамі Расеі- Ад пачатку 2023 году, паводле падлікаў BPN, зафіксавана ўжо 25 959 спробаў незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 18 817, Латвію — 5 608, Літву — 1 534), у тым ліку ў жніўні — 1685 спробаў.
- Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра тое, што пасьля росту на працягу вясны і зьніжэньня ў пачатку лета напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ дасягнула свайго піку ў ліпені. У студзені было папярэджана 1989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, лютым — 1970, сакавіку — 3401, красавіку — 3440, траўні — 4719, чэрвені — 3701, ліпені — 5054.
Мігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі
- Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
- Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
- Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
- Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.