Расея заявіла пра буйную атаку дронаў на анэксаваны Крым

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У ноч на суботу, 12 жніўня, анэксаваны Крым атакавалі 20 бесьпілётнікаў. Пра гэта заявіла Міністэрства абароны Расеі.

Як сьцьвярджае ведамства, 14 зь іх зьнішчыла сыстэма СПА, яшчэ шэсьць былі «задушаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы».

Відавочцы паведамляюць аб прыпыненьні рух аўтатранспарту па мосьце праз Керчанскі праліў. Мясцовыя жыхары расказваюць, што чулі гукі выбухаў.

Паводле афіцыйных зьвестак Мінабароны Расеі, пацярпелых і разбурэньняў няма. Мінабароны Расеі абвінаваціла ў атацы Ўкраіну. Кіеў звычайна расейскія заявы аб абстрэлах не камэнтуе.

Тым часам, і Ўкраіна, і Расея паведамілі пра баявыя дзеяньні, якія працягваюцца на Купянскім кірунку. Генштаб Узброеных сіл Украіны 12 жніўня заявіў, што спробы наступальных дзеяньняў расейскіх войскаў у гэтай частцы Харкаўскай вобласьці былі беспасьпяховымі. Пад абстрэл расейскіх войскаў трапілі 15 населеных пунктаў.

Мінабароны Расеі, у сваю чаргу, раней заявіла аб прасоўваньні расейскіх падразьдзяленьняў на Купянскім напрамку і адбіцьці 17 атак Узброеных сіл Украіны на Данецкім напрамку.

Украінскі бок таксама паведамляе пра налёт расейскіх бесьпілётнікаў «Шахед» іранскай вытворчасьці на Запароскую вобласьць. Тры з пяці дронаў зьбілі сілы СПА, гаворыцца ў паведамленьні.

Ва ўмовах вайны Радыё Свабода ня можа апэратыўна праверыць зь незалежных крыніц інфармацыю, якую распаўсюджваюць бакі канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Масквы паведаміў пра зьнішчэньне сіламі СПА дрона, які ляцеў на горад
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ ўпершыню прызнала сваё дачыненьне да атакі на Крымскі мост у 2022 годзе