«Іх цікавілі мае сваякі, група «Вагнэра». Беларуская валянтэрка расказала пра сваё “зьнікненьне” ва Ўкраіне

Натальля Грынь

Беларуска Натальля Грынь жыве ў Польшчы і езьдзіць ва Ўкраіну з гуманітарнай дапамогай. Падчас чарговай паездкі яна зьнікла на ўкраінскай тэрыторыі, родныя і сябры не маглі знайсьці Натальлю некалькі дзён.

Натальля Грынь як валянтэрка супрацоўнічае з фондам, які возіць гуманітарную дапамогу з Польшчы ў Харкаў. Мае адпаведныя дакумэнты. Першы раз, калі Натальля езьдзіла з камандай у Харкаў і вярталася ў Польшчу, яна ня мела ніякіх прэтэнзій — ні ад вайскоўцаў, ні ад украінскай паліцыі ці памежнікаў. Непрыемныя прыгоды пачаліся падчас другой паездкі.

«29 ліпеня мая каманда паехала ў Польшчу, а я засталася ў Кіеве, каб вырашыць свае асабістыя пытаньні. Потым села на аўтобус Кіеў – Варшава і паехала. Аўтобус па дарозе зламаўся, у выніку мы ехалі да мяжы каля 23 гадзін. Заставалася недзе хвілін дваццаць, калі аўтобус спынілі на блёк-пасьце вайскоўцы. У іх узьніклі пытаньні да мяне, бо я мела беларускі пашпарт і ў ім рэгістрацыю ў Луганскай вобласьці. Мяне зьнялі з аўтобуса і перадалі паліцыі», — расказала валянтэрка.

Натальля кажа, што жыла ва Ўкраіне да пачатку поўнамаштабнай вайны. Каб працягнуць часовы дазвол на жыхарства, замежным грамадзянам ва Ўкраіне трэба мець рэгістрацыю. Натальля зарэгістравалася ў сваякоў у паселішчы Крамянная Луганскай вобласьці (цяпер пад расейскай акупацыяй. — РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ў розных краінах сьвету выйшлі на акцыі салідарнасьці ў гадавіну выбараў 2020 году ў Беларусі

«Я працягну сваю справу»

Пасьля затрыманьня, зь яе словаў, Натальлю прывезьлі ў львоўскую паліцыю і пасадзілі ў камэру. Жанчына прабыла за кратамі зь вечара суботы да вечара аўторка. Беларуска кажа, што першы допыт пачаўся ў панядзелак. Яна кажа, што ўкраінскія паліцыянты паводзілі сябе «па-хамску».

«Так, нібыта яны тут каралí, а ты халоп. Пыталіся, чаму ў мяне луганская рэгістрацыя, чаму мае ўкраінскія сваякі засталіся пад акупацыяй там, а ня выехалі. Іх цікавіла сытуацыя ў Беларусі і што я пра гэта ведаю. Пыталіся пра «вагнэраўцаў», але што я магу адказаць, калі я з 2020 году не была ў Беларусі? Шмат было пытаньняў увогуле. Потым мяне зноў пасадзілі ў камэру. Вечарам у панядзелак 31 ліпеня зноў пачаўся допыт. Прычым дапытвалі тыя ж паліцыянты», — узгадвае Натальля.

Натальля Грынь

Тым часам муж і сябры Натальлі пачалі яе шукаць, публікацыі аб зьнікненьні жанчыны зьявіліся на старонках беларускіх недзяржаўных СМІ. У паліцэйскі пастарунак прыйшлі знаёмыя украінцы Натальлі.

«Пачалі казаць паліцыянтам, што яны могуць мець праблемы, бо мяне затрымалі ні за што. І, відаць, украінцы неяк пераканалі паліцыянтаў. Урэшце вечарам (аўторка. – РС) 1 жніўня каля 21-й гадзіны мяне адпусьцілі. Прычым не далі ніякіх дакумэнтаў — за што я была затрыманая, дзе, калі, дзе я была больш за трое содняў, — сьцьвярджае беларуска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна паставіла больш назіральных пастоў на мяжы зь Беларусьсю і працягвае заміноўваць памежжа

Жанчына дадае, што ў жыцьці бываюць розныя інцыдэнты, і кажа, што працягне вазіць гуманітарную дапамогу з Польшчы ва Ўкраіну.

«Там людзям вельмі патрэбная дапамога. Таму я працягну сваю справу», — кажа Натальля.

Свабода зьвярнулася па камэнтар аб інцыдэнце з Натальляй Грынь у паліцыю Львова. Пакуль ён застаўся без адказу.

Натальля Грынь