«Зварот юрыстаў ПЦ „Вясна“ да спэцыяльнага дакладчыка ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ўжо зарэгістраваны. Далей спэцдакладчык можа накіраваць зварот да беларускага ўраду з просьбай растлумачыць сытуацыю з арт. 411 КК», — гаворыцца ў паведамленьні на праваабарончым сайце spring96.org.
Праваабаронцы лічаць, што прыцягненьне да адказнасьці па гэтым артыкуле «парушае права чалавека на асабістую свабоду і права ня быць судзімым або пакараным двойчы».
Гэты артыкул, перакананыя праваабаронцы, супярэчыць п. 7 арт. 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (ратыфікаваны Беларусьсю), які абвяшчае: «Ніхто не павінен быць зноў судзімы або пакараны за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны або апраўданы ў адпаведнасьці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны».
Пакараньні па гэтым артыкуле, падкрэсьлівае «Вясна», «накладаюцца судом на падставе рашэньняў, прынятых у турмах і папраўчых калёніях супрацоўнікамі органаў унутраных спраў», што правакуе практыку «адвольнага і часта неадпаведнага судовага перасьледу ў адносінах да цяжкасьці правапарушэньня».
Юрысты таксама канстатуюць, што згаданы артыкул часта выкарыстоўваецца для «ўзмацненьня ціску на палітвязьняў».