Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце расказала пра гэта інфармацыйнаму агенцтву BNS. Пры гэтым яна не абяцае, што плян закрыцьця межаў і рашэньне аб закрыцьці будуць шырока распаўсюджваць. Але калі закрыцьцё ўсё ж адбудзецца, раскажуць падрабязнасьці.
Раней у Вільні заяўлялі, што плянуюць закрыць два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Гэта пункты пропуску «Шумск» («Лоша» зь беларускага боку) і «Цьверач» (зь беларускага боку — «Відзы»). Яны могуць спыніць працу ўжо 15 жніўня.
Шыманіце не камэнтавала асьцярогі літоўскіх уладаў што да перабываньня на беларускай тэрыторыі наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр». Але адзначыла, што сам гэты факт не дае расслабляцца ўладам Літвы. Раней Польшча перакінула дадатковыя сілы вайскоўцаў менавіта праз прыбыцьцё «вагнэраўцаў» у Беларусь.
Як закрыцьцё межаў адаб’ецца на Беларусі і беларусах. Разьбіраемся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з курсам даляра, які Лукашэнка назваў «варожай валютай», — тлумачыць эканамісткаПеравозкі грузаў
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру BEROC Анастасіі Лузгіной, тыя лягістычныя ланцужкі, якія яшчэ існавалі, у выпадку поўнага закрыцьця межаў з краінамі Эўразьвязу скароцяцца ці наагул зьнікнуць. Перавозкі грузаў — адна з галінаў, якія не аднавіліся пасьля 2021 году, кажа экспэртка.
«Калі закрываецца мяжа, то спад у перавозках грузаў будзе яшчэ большы. Пацярпяць транспартныя кампаніі. А таксама кампаніі, якія ўсё яшчэ працуюць з эўрапейскімі вытворцамі. Няхай у абмежаваным выглядзе, але плынь тавараў ішла. Пры закрыцьці мяжы давядзецца пераарыентоўвацца на ўсходні вэктар, а ён не адразу зможа кампэнсаваць страты. Да таго ж гэта цягне за сабой выдаткі — везьці нейкую прадукцыю, напрыклад, з Кітаю», — кажа Анастасія Лузгіна.
Паводле супрацоўніка адной зь беларускіх лягістычных кампаніяў, які пагадзіўся паразмаўляць з Свабодай ананімна, пасьля закрыцьця межаў «будзе перабудова лягістычных ланцужкоў, што пацягне за сабой грашовыя і часавыя страты ў працы». Пры гэтым «буйныя кампаніі будуць працаваць», але звальненьняў ён не выключае.
Транспарт і турыстычны бізнэс
Таксама, на думку экспэрткі Лузгіной, закрыцьцё межаў закране транспартнікаў.
«Па сёньня ходзяць рэйсавыя аўтобусы і ў Польшчу, і ў Літву. Таксама ёсьць дробныя перавозьнікі, якія езьдзяць церазь мяжу на маршрутках. Узьнікнуць праблемы з прыбыткамі гэтых людзей, якія жылі за кошт гэтага дробнага бізнэсу. Закране гэта і перакупнікаў, якія вазілі тавары за мяжу ці адтуль», — кажа Анастасія Лузгіна.
Яшчэ адна сфэра, якая можа заняпасьці праз закрыцьцё межаў, — турыстычны бізнэс.
«Цяпер цяжка атрымаць візу. Аднак іх адкрываюць усё адно пад нейкія канкрэтныя туры. Калі закрываюцца наземныя межы, то магчымасьці трапіць на адпачынак у Паўднёвую Эўропу скарачаюцца. Ляцець туды абыходнымі шляхамі будзе даражэй. Вонкавы турызм зь Беларусі і так скараціўся, а пры закрыцьці межаў ён скароціцца яшчэ больш», — кажа Анастасія Лузгіна.
У выніку дробныя лягістычныя кампаніі могуць наагул закрыцца, частка людзей страціць даход ад прымежнага бізнэсу, у буйных кампаніях могуць быць скарачэньні, мяркуе Анастасія Лузгіна.
Паводле супрацоўніцы адной зь беларускіх турыстычных фірмаў, якая на ўмовах ананімнасьці паразмаўляла з Свабодай, закрыцьцё межаў з краінамі Эўразьвязу кардынальна турыстычны рынак Беларусі ня зьменіць, пасьля 2020 году ён і так моцна зьмяніўся. Але пра паездкі ў Польшчу і Літву на выходныя беларусы змогуць забыць.
«Калі межы закрыюць цалкам, то нават Польшча і Літва будуць толькі для вельмі забясьпечаных людзей. Ведаю, што цяпер апэратары яшчэ прапаноўваюць туры з вылетам з Варшавы ці Вільні, а таксама паездкі ў суседнія зь Беларусьсю эўрапейскія краіны. Яны ня самыя папулярныя, хутчэй для тых, хто ўжо мае „шэнген“. Але калі межы закрыюць, то тады ўсё, нават гэтага ня будзе. І іншых эўрапейскіх краін таксама. Хто паедзе адпачываць у Эўропу зь перасадкамі ў Маскве і Стамбуле, падумайце толькі, колькі гэта будзе каштаваць? Будзе як у Савецкім Саюзе: заходні сьвет зможам пабачыць толькі ў тэлевізары, ну, ці ў інтэрнэце зараз», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца прэзыдэнта Літвы: Закрыцьцё двух памежных пунктаў зь Беларусьсю дазволіць узмацніць абарону мяжы
Палітычныя наступствы
На думку кіраўніка інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэя Казакевіча, закрыцьцё мяжы для фізычных асобаў можа павялічыць напружанасьць у грамадзтве. Але пакуль няясна, каго людзі будуць у гэтым вінаваціць.
«Тут пытаньне, каго людзі будуць вінаваціць — улады Беларусі ці, напрыклад, палякаў. Калі чытаюць прапаганду, то адносіны да Захаду будуць пагаршацца. А тыя, хто спажывае альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, будуць вінаваціць улады. Іх ляяльнасьць будзе зьмяншацца, будзе ўзмацняцца нэгатыў. Я б не прагназаваў сур’ёзных зьменаў у стаўленьні грамадзтва. Будуць праблемы для людзей, якія працуюць у суседніх краінах. Людзі пачнуць шукаць іншыя маршруты, але будуць мець складанасьці. Можна прагназаваць і зьмяншэньне руху. Чалавек мог прыехаць у Беларусь, пакінуць нейкія грошы. А пасьля закрыцьця гэтага будзе менш. Паездкі стануць дарагімі і нязручнымі. Сувязь паміж людзьмі, якія ў Беларусі і якія выехалі, будзе зьмяншацца», — кажа Андрэй Казакевіч.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.