У ЗША не выключаюць, што вагнэраўцы могуць выйсьці зь Беларусі. Польшча надалей умацоўвае ўсходнюю мяжу

Яўгеній Прыгожын (справа) на сустрэчы з параненымі вагнэраўцамі ў Геленджыку, восень 2022 году

Амэрыканскія экспэрты: «Імаверны крах дамоўленасьцяў Прыгожына – Пуціна – Лукашэнкі паказвае, што Пуцін ня змог рашуча разьвязаць пытаньні, пастаўленыя Прыгожыным і „вагнэраўцамі“ пасьля мяцяжу 24 чэрвеня».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што дамоўленасьці, дасягнутыя пасьля няўдалага мяцяжу паміж Яўгеніем Прыгожыным, прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, праваліліся.

«Сьцьвярджэньні, што ПВК „Вагнэр“ выходзіць зь Беларусі, адносна бясьпечнага прытулку для „вагнэраўцаў“ і Прыгожына, назад у Расею, згадкі камандаваньня вагнэраўцаў пра новыя загады і заявы пра будучую „актывацыю“ ПВК у канцы жніўня, падобна, сьведчаць, што пункты дамоўленасьці, якія дазволілі ім пераехаць у Беларусь і працягваць дзейнасьць там і ў Афрыцы, праваліліся», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 9 жніўня.

У той жа час экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны пакуль ня бачаць візуальных доказаў таго, што войскі ПВК «Вагнэр» сыходзяць зь Беларусі, нягледзячы на шматлікія паведамленьні расейскіх крыніц аб вяртаньні вагнэраўцаў у Краснадарскі край, Варонескую і Растоўскую вобласьці Расеі праз нібыта адмову Аляксандра Лукашэнкі іх фінансаваць.

Паводле экспэртаў, «імаверны крах дамоўленасьцяў Прыгожына – Пуціна – Лукашэнкі паказвае, што Пуцін ня змог рашуча разьвязаць пытаньні, пастаўленыя Прыгожыным і „вагнэраўцамі“ пасьля мяцяжу 24 чэрвеня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найміты «Вагнэра» ўзводзяць фартыфікацыі на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі. Спадарожнікавы здымак

Польшча працягвае ўмацоўваць мяжу зь Беларусьсю

Разьмяшчэньне „вагнэраўцаў“ у Беларусі і рост колькасьці выпадкаў незаконнага перасячэньня мяжы мігрантамі сталі прычынамі ўмацаваньня польскай мяжы.

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак у эфіры Польскага радыё паведаміў, што апроч 4 тысяч польскіх вайскоўцаў непасрэдна на мяжы, яшчэ 6 тысяч будуць непадалёк у рэзэрве для хуткага рэагаваньня.

«Мусім быць гатовыя да розных сцэнароў. Не выключаем ніводнага зь іх. Для гэтага мы вырашылі перакінуць войскі бліжэй да беларускай мяжы, каб узмацніць мяжу, адпудзіць агрэсара, каб агрэсар не адважыўся на атаку Польшчы», — заявіў Марыюш Блашчак.

Напярэдадні намесьнік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Вонсік казаў, што Польшча накіруе дадаткова 2 тысячы вайскоўцаў для ўмацаваньня мяжы з суседняй Беларусьсю. Перад гэтым называлі лічбу толькі ў тысячу вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы назвалі дакладную колькасьць вайскоўцаў, якіх накіруюць на мяжу зь Беларусьсю

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.