У санкцыйны сьпіс увайшлі авіякампанія «Белавія», Менскі завод цывільнай авіяцыі, Беларускі мэталюргічны завод і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.
Зь фізычных асобаў пад абмежаваньні трапілі дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Ігар Маршалаў, ягоныя намесьнікі Ігар Сяліцкі і Дзьмітры Францкевіч і супрацоўнік дэпартамэнту Арцём Дунько. Таксама пад санкцыямі апынуўся гендырэктар ААТ «Беларускі мэталюргічны завод — кіроўная кампанія холдынгу «БМК» Дзьмітры Корчык, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітры і Віталь Алексіны і ягоная жонка Іна Алексіна.
Таксама ЗША ўвялі забарону на выдачу амэрыканскіх візаў у дачыненьні да яшчэ 101 дзяржаўнага чыноўніка Беларусі і зьвязаных зь імі асобаў, паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Унесены ў санкцыйны сьпіс самалёт Bombardier CRJ-200ER, паводле зьвестак парталаў маніторынгу авіяцыйнай актыўнасьці, належыць ураду Беларусі. Ім, сярод іншага, карыстаюцца сыны Аляксандра Лукашэнкі Віктар і Дзьмітры.
Пры гэтым у дачыненьні да «Белавія» выдадзеная так званая генэральная ліцэнзія, якая дае магчымасьць часова ажыцьцяўляць зь ёю трансакцыі «ў мэтах бясьпекі цывільнай авіяцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія пашырыла санкцыі супраць Беларусі. У сьпісе шэсьць прадпрыемстваў- Санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску ўвялі ў гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі, афіцыйныя вынікі якіх ЗША не прызналі.
- 9 жніўня новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўвяла і Канада: у адказ на парушэньні правоў чалавека і саўдзел расейскай агрэсіі супраць Украіны санкцыі ўвялі супраць 9 фізычных і 7 юрыдычных асобаў.