NATO ня бачыць пагрозы з боку ПВК «Вагнэр» у Беларусі

Байцы ПВК «Вагнэр» у Беларусі

NATO сочыць за ваеннай актыўнасьцю ў Беларусі, аднак ня бачыць ані прамой, ані апасродкаванай пагрозы саюзьнікам з боку ПВК «Вагнэр».

Такую заяву зрабіла афіцыйная прадстаўніца NATO Аана Лунгеску ў інтэрвію польскаму інфармагенцтву PAP, паведамляе DW.

Рэагуючы на агрэсіўныя дзеяньні Расеі, NATO ўзмацніла сваю абаронную прысутнасьць на ўсходнім флянгу і працягвае рабіць усё неабходнае для стрымліваньня любой пагрозы і абароны кожнага сантымэтру тэрыторыі альянсу, падкрэсьліла Лунгеску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЭЗ: Вучэньні Беларусі на мяжы з Польшчай — правакацыя, якую трэба разглядаць у кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны

Вучэньні Беларусі паблізу межаў Польшчы і Літвы

7 жніўня Беларусь пачала вайсковыя вучэньні паблізу мяжы з Польшчай і Літвой. Пры гэтым Мінабароны ў Менску паведаміла, што гэтыя манэўры заснаваныя на досьведзе, атрыманым у выніку «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Вучэньні праходзяць у Горадзенскай вобласьці, недалёка ад так званага Сувальскага калідора — тэрыторыі працягласьцю менш за сто кілямэтраў, якая злучае Польшчу і Літву і аддзяляе Калінінградзкую вобласьць РФ ад Беларусі.

9 жніўня стала вядома, што Польшча накіруе дадаткова 2 тысячы вайскоўцаў для ўмацаваньня сваёй усходняй мяжы з суседняй Беларусьсю.

У інтэрвію агенцтву Аана Лунгеску паўтарыла зьвернуты да сусьветнай супольнасьці заклік кіраўніцтва NATO, які прагучаў на саміце Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Вільні: не падтрымліваць Расею ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны і асудзіць усіх, хто робіць гэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы назвалі дакладную колькасьць вайскоўцаў, якіх накіруюць на мяжу зь Беларусьсю