Пратэстоўцы патрабавалі разблякаваць Лачынскі калідор, адзіную дарогу, якая злучае кантраляваную армянамі частку Нагорнага Карабаху з Армэніяй. Як паведамляе армянская служба Радыё Свабода, затрыманьні пачаліся пасьля таго, як пратэстоўцы перакрылі вуліцы каля будынку ўраду.
Армянскі бок сьцьвярджае, што Лачынскі калідор перакрылі азэрбайджанскія вайскоўцы, якія перашкаджаюць дастаўцы гуманітарнай дапамогі жыхарам Карабаху.
Арганізаваў акцыю былы вайсковец Саркіс Пагасьян. Паводле яго, калі ўлады адмовяцца разблякаваць Лачынскі калідор, удзельнікі акцыі будуць прасіць выдаць ім зброю, каб самастойна зьняць блякаду.
7 жніўня ААН зьвярнулася да Баку з просьбай зьняць блякаду Лачынскага калідору. У сваёй заяве арганізацыя ўказала на недахоп у Карабаху прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці. Аднак Азэрбайджан назваў заяву ААН неаб’ектыўнай. Міністэрства замежных справаў краіны заявіла, што Армэнія пастаўляла ў рэгіён зброю і боепрыпасы праз Лачынскі калідор. У Баку падкрэсьлілі, што азэрбайджанскі бок стварыў усе ўмовы для пропуску жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговы інцыдэнт у Карабаху: Азэрбайджан адмовіўся прапусьціць праз Лачынскі калідор калёну грузавікоўЗгодна зь міжнародным правам, тэрыторыя Карабаху ўваходзіць у склад Азэрбайджану. Насельніцтва вобласьці ў асноўным складаюць этнічныя армяне. З пачатку 1990-х Баку не кантраляваў большую частку рэгіёну. Прадстаўнікі армянскай грамады абвясьцілі незалежную рэспубліку, якую не прызнала ніводная дзяржава, у тым ліку і Армэнія.
У выніку кароткачасовай вайны восеньню 2020 году Азэрбайджан і Армэнія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні ваенных дзеяньняў. Згодна з пагадненьнем, якое выклікала пратэсты апазыцыі ў Ерэване, Баку вярнуў пад свой кантроль значную частку тэрыторыяў Карабаху і прылеглых раёнаў Азэрбайджану, якія армянскія войскі занялі яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. У рэгіёне разьмясьцілі расейскія міратворчыя сілы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баку і Ерэван правялі новы раўнд мірных перамоваў, пагадненьня пакуль няма ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамога, падобная на паразу. Што здарыцца, калі Ўкраіне давядзецца зьмірыцца са стратай тэрыторый