Пра ягоную сьмерць паведаміла Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Леанід Козік нарадзіўся ў 1948 годзе ў Барысаве. Працоўны шлях пачынаў з токара, кіроўцы. У 1977 годзе скончыў БДУ, а ў 1985 годзе — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Доктар эканамічных навук (1999), прафэсар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, эканомікі і права.
Працаваў памочнікам пракурора, старшынём прафкаму БАТЭ, дырэктарам швейнай фабрыкі ў Барысаве. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня — старшынём Камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненьні эканамічнай самастойнасьці і сувэрэнітэту.
З 1995 да 1998 году працаваў у структурах СНД, Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. У 1998 годзе нядоўга быў намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі. У 2001 годзе таксама нядоўга — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
З 2004 па 2008 год — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу III скліканьня па Барысаўскай сельскай акрузе.
З 2002 да 2014 году быў старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Пры Козіку прафсаюзы сталі адной з апораў улады. Так, у 2010 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Леанід Козік ад імя прафсаюзаў падтрымаў Аляксандра Лукашэнку і заявіў пра гатоўнасьць зьбіраць подпісы ў падтрымку вылучэньня Лукашэнкі ў прэзыдэнты.
Трапіў пад санкцыі Эўразьвязу, але пасьля сыходу з пасады санкцыі супраць Козіка скасавалі.
У кастрычніку 2005 году незалежная камісія ААН апублікавала даклад аб махлярствах у рамках праграмы «Нафта ў абмен на харчаваньне» для Іраку. Козік фігураваў там як кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі і быў названы адным з бэнэфіцыяраў кантрактаў паміж канцэрнам «Белнафтахім» і брытанскай кампаніяй Fossdik, якая закупляла ў Іраку 9 мільёнаў барэляў нафты ў часы Садама Хусэйна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Козік такі падаў у адстаўку22 верасьня 2014 году Козік падаў у адстаўку з пасады старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Тады старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук казаў, што, паводле яго зьвестак, «спадар Козік напісаў заяву — хутчэй за ўсё, прымусілі, ці, мякка кажучы, прапанавалі».
На думку Ярашука, «апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпеньня ўлады, было тое, што ён замахнуўся на Генэральную пракуратуру — абвінаваціў у незаконных дзеяньнях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці выстаіць Генпракуратура пад націскам старшыні ФПБ Козіка