Рэдактарка сьветлагорскага тэлеканалу «Ранак» выйшла на волю

Цэнтральны пляц Сьветлагорску.

Пра вызваленьне журналісткі паведамляе «Гомельская вясна».

Рэдактарка сьветлагорскага тэлеканалу «Ранак» Юлія Даўлетава была затрыманая 3 жніўня раніцай і ў той жа дзень вечарам была адпушчаная.

Паводле гомельскіх праваабаронцаў, справа тычыцца нібыта абразы ў інтэрнеце аднаго зь міліцыянтаў. У мдыякампаніі «Ранак» быў сайт і вяліся старонкі ў сацсетках, якія 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёну Гомлі прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Таксама «Гомельская вясна» сьцьвярджае, што ў РАУС зь Юліяй Даўлетавай запісалі «пакаяльнае відэа».

  • 11 чэрвеня ў Сьветлагорску затрымалі восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для праблем у выданьня мог стаць сюжэт пра выбух на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце, у якім загінулі тры чалавекі. Гэтае здарэньне асьвятляў «Ранак».
  • На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 базавых велічынь.
  • Cярод затрыманых былі Андрэй Ліпскі, журналіст; Павал Рабко, апэратар; Вадзім Вежнавец, галоўны рэдактар мэдыякампаніі; Уладзімер Папоў, апэратар; Марына Бычкоўская, маркетоляг; Алена Кісялёва, галоўная бухгальтарка; Крысьціна Казялькова, сакратарка; Ганна Згурская (цяжарная, на яе склалі пратакол і адпусьцілі, суду пакуль не было), Лізавета Шавяленка (яе таксама адпусьцілі пасьля складаньня пратаколу, бо яна мае інваліднасьць, суду таксама пакуль не было).
  • Вядома, што ўсіх затрымлівалі ў розных месцах пасьля працоўнага дня. Адну з жанчын затрымалі ў іншым горадзе. Ёсьць інфармацыя, што затрыманьнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя дэталі затрыманьняў і судоў над супрацоўнікамі сьветлагорскага тэлеканалу «Ранак»