Краіны заходняй Афрыкі распрацавалі плян уводу войскаў у Нігер

Дэманстрацыя ў падтрымку вайсковага перавароту ў сталіцы Нігеру Ніямеі, на плякатах надпісы "Францыя забівае Нігер", "Далоў Францыю, жыве Пуцін"

Краіны заходняй Афрыкі распрацавалі плян узброенага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Нігеры, калі мяцежнікі, якія захапілі там уладу, да пачатку наступнага тыдня не адновяць канстытуцыйны парадак і не вызваляць законна абранага прэзыдэнта краіны Махамеда Базума.

Аб гэтым у пятніцу паведаміў прадстаўнік эканамічнай супольнасьці заходнеафрыканскіх дзяржаў (ECOWAS), перадае агенцтва Reuters.

Камісар ECOWAS па пытаньнях палітыкі, міру і бясьпекі Абдэль-Фатау Мусах заявіў, што на сустрэчы лідэраў краін ECOWAS у Абуджы быў дэталёва распрацаваны плян ваеннага ўмяшаньня, калі яно будзе неабходным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зрынуты прэзыдэнт Нігеру заявіў пра рост уплыву «Вагнэра» ў рэгіёне і папрасіў дапамогі ў ЗША

Напярэдадні прэзыдэнт Нігера Базум, які знаходзіцца пад канвоем мяцежнікаў у сваёй рэзыдэнцыі, зьвярнуўся да ЗША і сусьветнай супольнасьці па дапамогу ў аднаўленьні парадку ў краіне. Базум назваў сябе закладнікам і зазначыў, што пераварот у Нігеры можа мець «разбуральныя наступствы для краіны, рэгіёну і ўсяго сьвету».

Акрамя таго, ён выказаў асьцярогу, што з-за дзеяньняў мяцежнікаў і прарасейскіх настрояў насельніцтва, якое ім спачувае, увесь рэгіён Сахеля на поўдні ад пустыні Сахара «можа трапіць пад уплыў Расеі праз групу „Вагнэр“, чый жорсткі тэрарызм у поўнай меры праявіўся ва Ўкраіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля перавароту Нігер спыніў экспарт урану і золата ў Францыю
  • Вайсковы пераварот у Нігеры пачаўся 26 ліпеня. Прэзыдэнцкая гвардыя пад кіраўніцтвам яе начальніка, генэрала Амара (Абдурахмана) Тчыані, заблякавала прэзыдэнта Махамеда Базума ў яго рэзыдэнцыі, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Тчыані абвясьціў сябе новым прэзыдэнтам.
  • У пятніцу стала вядома, што хунта, якая прыйшла да ўлады ў Нігеры, заявіла аб скасаваньні дамоваў аб бясьпецы з Францыяй, якая мае ў краіне ўзброены кантынгент. У Парыжы заявілі, што гэтае рашэньне ня мае юрыдычнай сілы.
  • Нігер — былая француская калёнія, адна з самых бедных краін сьвету, якая штогод атрымлівала каля 2 мільярдаў даляраў міжнароднай дапамогі. Пры гэтым краіна багатая на прыродныя рэсурсы, на яе долю прыпадае каля 7% сусьветных запасаў урану. Таксама здабываюцца золата, рэдказямельныя мэталы, разьведаныя радовішчы нафты і газу.
  • Расейская ПВК «Вагнэр» прысутнічае ў шэрагу афрыканскіх краінаў, у прыватнасьці, у Малі, якая мяжуе з Нігерам, дзе раней таксама адбыўся пераварот. Вайсковая хунта Малі праводзіць прарасейскую палітыку.