У МЗС Беларусі пацьвердзілі атрыманьне ноты амбасады Польшчы ў Беларусі па сытуацыі зь беларускімі верталётамі, якія, паводле польскага боку, парушылі паветраную прастору краіны. Пра гэта паведамляе прэсавая служба дыпляматычнага ведамства.
«... Адзначаем, што перададзеная нота ня ўтрымлівае „неабвержных“ доказаў. Дадзеных аб’ектыўнага кантролю польскі бок не падаў.
У той жа час адпаведныя заявы беларускага боку па гэтай тэме грунтаваліся выключна на зьвестках аб’ектыўнага кантролю палётаў паветраных суднаў.
Больш за тое, польскі бок быў напярэдадні ва ўстаноўленым парадку праінфармаваны аб плянаваных палётах верталётаў у прыгранічнай зоне, што таксама пацьвярджае адсутнасьць якіх-небудзь намераў беларускага боку парушаць паветраную прастору суседняй дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Беларусі.
МЗС таксама заклікала польскі бок аднавіць паўнавартасны дыялёг паміж вайсковымі ведамствамі дзьвюх краін, па лініі якіх якраз і вырашаюцца падобныя пытаньні.
Раней сёньня, 4 жніўня, амбасада Польшчы ў Беларусі заявіла, што прадставіла Міністэрству замежных спраў Беларусі «падрабязную інфармацыю, якая пераканаўча пацьвярджае» той факт, што 1 жніўня два беларускія вайсковыя верталёты парушылі паветраную прастору Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Польшчы дала МЗС Беларусі доказы парушэньня паветранай прасторы беларускімі верталётаміШто здарылася ў Белавежы?
- 1 жніўня жыхары памежнай вёскі Белавежа з польскага боку паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору Польшчы заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24.
- Пасьля першых паведамленьняў пра гэта Міністэрства абароны Польшчы зьняпраўджвала залёт гелікоптэраў на польскую тэрыторыю, але пазьней прызнала: два беларускія верталёты парушылі дзяржаўную мяжу ў раёне Белавежы і ляцелі на вельмі малой вышыні, таму радары іх не пабачылі.
- Пра інцыдэнт праінфармавалі NATO.
- Міністэрства абароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі».
- 1 жніўня часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі верталётамі, якія 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны.
- Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 2 жніўня зноў заявіла, што беларускія верталёты не парушалі дзяржаўнай мяжы Польшчы і што польскі верталёт 1 жніўня нібыта наблізіўся да мяжы больш за беларускія, гаворыцца ў заяве міністэрства.
- У Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы. Яму сказалі пра неабходнасьць дыялёгу для дээскаляцыі «і без таго няпростай сытуацыі ў двухбаковых адносінах» і заклікалі «не нагнятаць сытуацыю і не выкарыстоўваць яе для мілітарызацыі памежнай прасторы».