8 аўтобусаў за 744 000 даляраў, 50 000 на праслухоўваньне размоваў. Што сёлета набываюць беларускія сілавікі

Сілавікі і іх выдаткі. Каляж

Паглядзелі, на што трацяць бюджэтныя грошы сілавыя структуры.

Бусы, квадрацыклы, аўтобусы

Найбольшая частка выдаткаў сілавікоў за апошнія месяцы — транспарт. Напрыклад, Дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС закупляе 8 аўтобусаў агульным коштам 2 227 700 рублёў (728 000 даляраў). Такі транспарт сілавікі выкарыстоўвалі, каб перавозіць затрыманых на пратэстах. Звычайна гэта аўтобусы беларускай вытворчасьці ад МАЗу.

Унутраныя войскі МУС, якія базуюцца ў Менску на вуліцы Маякоўскага, хочуць набыць 8 квадрацыклаў за 240 000 рублёў (78 000 даляраў) — па 30 000 рублёў, ці 9800 даляраў, за штуку. Беларускі квадрацыкл Hors пры гэтым каштуе 2420 даляраў, ці ў чатыры разы таньней.

Таксама ўнутраныя войскі шукаюць санітарны аўтамабіль за 200 000 рублёў (65 000 даляраў).

Яны ж набываюць грузавы аўтамабіль перавозіць асабовы склад за 1 750 000 рублёў (572 000 даляраў).

У красавіку для ўнутраных войскаў закупілі таксама 6 бусаў агульным коштам больш за 922 176 рублёў (300 000 даляраў). Такім чынам, толькі на транспарт з красавіка па ліпень МУС патраціў мінімум 5,2 мільёна рублёў (1,7 мільёна даляраў).

На што трацяць грошы беларускія сілавікі

Відэаназіраньне, спэцыяльная тэхніка для сувязі

912 200 рублёў (300 000 даляраў) Міністэрства ўнутраных справаў патраціла ў траўні на сыстэмы відэаназіраньня і дадатковую апаратуру да іх. Агулам 39 камплектаў.

На праграмна-апаратныя прылады шыфраваньня ІP аддалі 792 000 рублёў, ці амаль 260 000 даляраў.

Гэтыя прылады патрэбныя для абароны лічбавых зьвестак. Такіх, напрыклад, як база МУС, якая пасьля ўзлому трапіла да «Кібэрпартызанаў».

152 700 рублёў, ці 50 000 даляраў, каштуюць сыстэмы для запісу размоваў. МУС у чэрвені набыло 12 такіх камплектаў. Як вынікае з аўкцыённых дакумэнтаў, гэта прылада для запісу тэлефонных перамоваў у бесьперапынным рэжыме. Такое абсталяваньне дазваляе адначасова запісваць і праслухоўваць размовы.

62 000 рублёў, ці 20 200 даляраў, каштуюць фотапасткі для ўнутраных войскаў МУС.

Такія прылады таксама дазваляюць сачыць за навакольлем і фіксаваць падзеі на відэа і фота.

Паслуга рассылкі SMS грамадзянам абыходзіцца МУС у 70 700 рублёў, ці 23 000 даляраў. Яе выкарыстоўвалі, напрыклад, каб пераканаць беларусаў ня ўдзельнічаць у пратэстах у 2020 годзе.

Выканаўцамі пазначаныя кампаніі МТС, А1 і «Бэст» — гэта ўсе мабільныя апэратары, якія існуюць у Беларусі.

Яшчэ 1 272 703 рублёў, ці 415 000 даляраў, патраціць МУС на радыёстанцыі і аксэсуары для іх.

Такім чынам, больш за 3 мільёны рублёў, або 1 мільён даляраў, на спэцтэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску плянуюць у разы павялічыць колькасьць камэраў відэаназіраньня ў сыстэме МУС

Намёты, спальнікі і «вяровачны парк»

Бюджэтныя грошы сілавікі ўкладаюць таксама і ў спорт. У траўні ўнутраныя войскі закупілі спартовых гарнітураў на 275 000 рублёў (90 000 даляраў).

Галоўнае камандаваньне ўнутранымі войскамі набывае турыстычных прыналежнасьцяў на 170 850 рублёў (55 800 даляраў). Сярод іх намёты, дыванкі, спальнікі ды іншае неабходнае ў паходзе.

А Цэнтар павышэньня кваліфікацыі кіроўных работнікаў і спэцыялістаў МУС набывае «Вяровачны парк» за 64 800 рублёў (21 000 даляраў).

Згодна з дакумэнтацыяй, «вяровачны гарадок» будзе 2-га ўзроўню складанасьці з 2 маршрутамі на 20 перашкодаў.

Крыніцай фінансаваньня, што тут рэдкасьць, указаныя «уласныя сродкі». Такім чынам, без уліку «Вяровачнага парку» МУС патраціць на спорт і турызм 446 000 рублёў, ці 145 800 даляраў, бюджэтных сродкаў.

Мы паглядзелі таксама закупкі ад іншых сілавых ведамстваў — КДБ і Сьледчага камітэту. У асноўным там траты на бягучы рамонт, закупкі канцылярскіх вырабаў ды друкаванай прадукцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі рассылаюць беларусам патрабаваньні выйсьці з «экстрэмісцкіх» чатаў