Трамп адмовіўся прызнаць віну за спробу скасаваць вынікі выбараў, яго пакінулі на волі

Дональд Трамп, Вашынгтон, 3 жніўня 2023

Наступнае паседжаньне суду ў справе, якую вядзе супраць Трампа спэцыяльны пракурор Джэк Сьміт, пройдзе 28 жніўня.

Дональд Трамп у чацьвер не прызнаў сябе вінаватым у тым, што ён уступіў у змову з некалькімі асобамі, спрабуючы «скасаваць» сваю паразу на выбарах 2020 году, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У фэдэральнай пракуратуры, якая выставіла абвінавачаньні, дзеяньні экс-прэзыдэнта ахарактарызавалі як «беспрэцэдэнтныя намаганьні для падрыву асноваў дэмакратыі».


Спэцыяльны пракурор Джэк Сьміт, які кіруе расьсьледаваньнем, назіраў зь першага шэрагу, як Трамп зьвяртаўся да судзьдзі Максылі Ўпадг‘яя.

Абвінавачаньне зачытвалі паўгадзіны. Гэта адбывася ўсяго за кілямэтар ад будынку Капітолію. Прыхільнікі Трампа штурмавалі яго 6 студзеня 2021 году, каб перашкодзіць Кангрэсу пацьвердзіць перамогу Джо Байдэна.
Выстаўленьне віны, трэцяе для Трампа за чатыры месяцы, кладзе пачатак шматмесячным дасудовым юрыдычным спрэчкам, якія разгорнуцца падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2024 году, дзе сам Трамп застаецца фаварытам на вылучэньне ад рэспубліканцаў. Ён можа зноў уступіць у барацьбу за найвышэйшую дзяржаўную пасаду зь дзейным прэзыдэнтам-дэмакратам Байдэнам.

Дональд Трамп у судзе, Вашынгтон, 3 жніўня 2023

У 45-старонкавым абвінаваўчым заключэньні Трампа і меркаваных ягоных саўдзельнікаў абвінавачваюць у ілжывых сьцьверджаньнях, маўляў выбары былі сфальсыфікаваныя, у ціску на дзяржаўных і фэдэральных службоўцаў з мэтай зьмены вынікаў, у махінацыях з вылучэньнем электараў ад некалькіх штатаў, каб сарваць перамогу Байдэна.

77-гадоваму Трампу выстаўленыя чатыры абвінавачаньні, у тым ліку змова з мэтай падману ўладаў ЗША, пазбаўленьне грамадзян права на падлік галасоў і перашкоды афіцыйнаму разбору. Самае сур‘ёзнае абвінавачаньне прадугледжвае пазбаўленьне волі да 20 гадоў.

Наступнае судовае паседжаньне з удзелам Трампа пройдзе 28 жніўня пад старшынствам акруговай судзьдзі Тані Чуткан. Яна мае прызначыць дату судовага разбору. З словаў судзьдзі Упадг’яя, Трамп не абавязаны там быць.
Трамп ахарактарызаваў абвінаваўчае заключэньне, а таксама іншыя распачатыя супраць яго крымінальныя справы як «паляваньне на ведзьмаў», накіраванае на зрыў яго перадвыбарчай кампаніі. У допісах у сацыяльных сетках Трамп абвінавачвае адміністрацыю Байдэна ў тым, што яго перасьледуюць з палітычных матываў.

Дональд Трамп, Вашынгтон, 3 жніўня 2023

Раней Трамп не прызнаў сябе вінаватым у фэдэральных абвінавачаньнях у тым, што ён захоўваў сакрэтныя дакумэнты пасля адыходу з пасады, і ў абвінавачваньнях штату Нью-Ёрк у тым, што ён фальсыфікаваў дакумэнты ў сувязі з выплатамі грошай за маўчаньне порназорцы Стормі Дэніелс.
Неўзабаве Трампу могуць выставіць новыя абвінавачаньні ў Джорджыі, дзе расьсьледуюць яго спробу скасаваць выбары ў штаце ў 2020 годзе. Пракурор Атланты Фані Ўіліс заявіла, што падасьць абвінаваўчыя заключэньні да сярэдзіны жніўня.


Трамп адказаў на гэта саркастычным допісам у сацыяльнай сетцы Truth Social, сказаўшы, што для гарантаванай перамогі на наступных выбарах яму трэба толькі «яшчэ адно абвінаваўчае заключэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампу выставілі крымінальныя абвінавачаньні за спробу скасаваць вынікі выбараў 2020 году

Трамп захоўвае лідэрства ў сацыялягічных апытаньнях сярод рэспубліканцаў


Паводле новага апытаньня Reuters/Ipsos, каля паловы рэспубліканцаў заявілі, што ня будуць галасаваць за Трампа, калі ён будзе асуджаны за крымінальнае злачынства, што падкрэсьлівае рызыкі, якія нясе для яго судовы разбор.
Але такое ж апытаньне, праведзенае пасьля выстаўленьня абвінавачаньня ў аўторак, выявіла цьвёрдыя пазыцыі Дональда Трампа ў суперніцтве кандыдатаў ад Рэспубліканскай партыі. Трамп заручыўся падтрымкай 47% рэспубліканцаў, нарасьціўшы перавагу над губэрнатарам Флорыды Ронам Дэсантысам, які заняў другое месца ў рэйтынгу (13%).


Тры чвэрці рэспубліканцаў заявілі аб згодзе з тым, што абвінавачаньні былі «палітычна матываваныя». Такім чынам, заява Трампа аб тым, што ён ахвяра палітычнага перасьледу, знаходзіць водгук у яго электаральным асяродзьдзі.
Пераважная большасьць рэспубліканскіх лідэраў, у тым ліку пэўныя канкурэнты Трампа ў Рэспубліканскай партыі, ці абаранялі яго, ці крытыкавалі стрымана, замест гэтага вінавацячы адміністрацыю Байдэна ў выкарыстаньні Міністэрства юстыцыі як зброі ў барацьбе супраць палітычных праціўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра спыненьне вайны ва Ўкраіне: «Я заключу пагадненьне за 24 гадзіны»