— Сёньня Эўразьвяз абнародаваў чарговы пакет санкцыяў адносна Беларусі. Пасьля публікацыі рашэньня новыя санкцыі ўступаюць у сілу.
Яны трох тыпаў.
Першы — гэта пэрсанальныя санкцыі адносна 38 асобаў — беларускіх грамадзянаў. Пераважна гэта прадстаўнікі юрыдычнай і праваахоўнай сыстэмы краіны — судзьдзі, пракуроры, сьледчыя, супрацоўнікі папраўчых установаў. Таксама ў сьпіс трапілі прапагандысты — Вадзім Гігін, Ксенія Лебедзева і Яўген Пуставы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне ўступілі ў сілу
Другі — гэта санкцыі адносна трох буйных беларускіх прадпрыемстваў: Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова, Беларускага мэталюргічнага заводу (БМЗ) і дзяржаўнага канцэрну Белнафтахім.
Нарэшце, трэцяя частка пакету — гэта забарона на экспарт з ЭЗ у Беларусь узбраеньняў, электронікі і тавараў і тэхналёгіяў для авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці.
Як бы вы ацанілі моц, «вагу» гэтага пакету санкцыяў?
— Гэта першы раўнд санкцыяў за даволі працяглы час. Гэта не рутыннае рашэньне. Тое, што ў санкцыйны сьпіс трапілі асобы, якія наўпрост ладзілі перасьлед палітычных вязьняў, — сыгнал, што ЭЗ працягвае назіраць за сытуацыяй у Беларусі, бачыць усё, што там робіцца.
І што людзі, якія ўдзельнічаюць у гэтым перасьледзе, будуць пакараныя. Цяпер — санкцыямі, але надыдзе час — вось ёсьць сьпіс і для будучыні.
Мэта іншых санкцыяў з гэтага пакету — абмежаваць здольнасьць Расеі весьці вайну ва Ўкраіне.
Абмежаваньне экспарту пэўных катэгорыяў тавараў з ЭЗ у Беларусь — гэта тыя ж санкцыі, якія раней былі ўведзеныя адносна Расеі. І цяпер ЭЗ спрабуе закрыць шчыліны, якія Расея спрабавала выкарыстоўваць, каб абыходзіць гэтыя санкцыі.
Перамовы вядуцца з такімі краінамі, як Турэччына і Сынгапур, з краінамі Цэнтральнай Азіі. Але адносна іх уводзіць санкцыі ня так проста, і ніхто ня хоча гэтага рабіць, яны супрацоўнічаюць з краінамі Захаду, каб абмежаваць гэтыя шчыліны.
Але каб абмежаваць велізарную шчыліну, якая была ў Беларусі, даводзіцца рабіць гэта мэтадам санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новы санкцыйны сьпіс ЭЗ супраць Беларусі ўвайшлі 3 прадпрыемствы і 38 фізычных асобаў. Камэнтар Офісу Ціханоўскай— Упершыню пра новыя санкцыі старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла ў студзені сёлета. Увялі іх праз 7 месяцаў пасьля той заявы.
Інсайдэры расказвалі пра вострыя спрэчкі паміж рознымі краінамі ЭЗ наконт санкцыяў адносна беларускіх калійных угнаеньняў: некаторыя хацелі, каб яны былі аслабленыя, іншыя выступалі рашуча супраць гэтага. Чаму прайгралі тыя, хто выступаў за аслабленьне калійных санкцыяў?
— Я ня думаю, што гэтае пытаньне канчаткова вырашанае. Хутчэй за ўсё, яго проста адклалі. Быў значны ціск з боку краінаў Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі. І Партугалія, якая мае шчыльныя стасункі з Бразыліяй, спрабавала падкрэсьліць важнасьць, зь іх пункту гледжаньня, аслабленьня калійных санкцыяў.
ЭЗ зацікаўлены ў тым, каб краіны Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі не падтрымлівалі Расею ў яе вайне. Таму магчыма, што па беларускіх калійных угнаеньнях будзе прынятае кампраміснае рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Польшчы ў ЭЗ расказаў, чаму Эўропа ніяк ня можа прыняць новыя санкцыі супраць Беларусі— У тым, што рашэньне, і даволі моцнае, было нарэшце прынятае, якую ролю адыграла разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі і прыбыцьцё ў краіну ПВК «Вагнэр»? Рашэньне наконт вагнэраўцаў было прынятае ў чэрвені, у ЭЗ рашэньні прымаюць няхутка. Але пра разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі Ўладзімір Пуцін абвясьціў 25 сакавіка — 5 месяцаў таму. За гэты час Зьвяз мог і адрэагаваць на зьмену стратэгічнай сытуацыі.
— Тое, што новыя санкцыі ня ўводзіліся з чэрвеня мінулага году, было вынікам дыскусіяў у ЭЗ. Былі краіны, якія меркавалі, што калі Зьвяз будзе да Лукашэнкі мякчэйшым, больш гнуткім, то можна вытаргаваць у яго нейкія паслабленьні адносна палітвязьняў, або што ён ня будзе з такім энтузіязмам удзельнічаць у расейскай агрэсіі. І размова ішла ня толькі пра тое, што ён не пашле беларусаў ваяваць ва Ўкраіну, але і пра тое, што будзе скарочана і іншае вайсковае супрацоўніцтва з РФ.
На жаль, нічога з гэтага не адбылося.
Так, Лукашэнка не паслаў сваё войска на вайну, але падпісвалася шмат дамоваў аб супрацоўніцтве ў вайсковай і вайскова-тэхнічнай сфэры. І ядзерная зброя дадалася да гэтага. Я мяркую, што калі б не было гэтага шчыльнага комплекснага супрацоўніцтва, толькі з-за разьмяшчэньня ядзернай зброі гэтыя санкцыі наўрад ці ўвялі б.
Для ЭЗ цяпер галоўнае — абмежаваць вайсковыя магчымасьці Расеі ва Ўкраіне. Калі РФ можа празь Беларусь набываць неабходныя кампанэнты для свайго ВПК, гэта наўпрост шкодзіць Украіне і яе саюзьнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: «сьляпы кат» ці «пільны хірург»? Дыскусія былых дыпляматаў— У якой ступені пры прыняцьці рашэньня аб санкцыях браўся пад увагу крытэр эфэктыўнасьці? Раней, асабліва пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны, адносна Беларусі былі ўведзеныя даволі жорсткія санкцыі. Але колькасьць палітвязьняў не зьмяншалася, а расла, Беларусь, як вы сказалі, як супрацоўнічала з Расеяй у вайсковай сфэры, гэтак і працягвала. Санкцыі не зьмянілі паводзін рэжыму. А хіба ня гэта іх мэта?
— Эфэктыўнасьць санкцыяў цяжка падлічыць, бо яны разьлічаныя на доўгую пэрспэктыву. І калі некаму яны падаюцца неэфэктыўнымі, то контраргумэнт наступны: пачакайце, пройдзе пару гадоў, рэсурсы ў рэжыму скончацца — і жыцьцё Лукашэнкі і Пуціна стане як мінімум больш складаным.
Але асаблівасьць у тым, што ня ўсе санкцыі ЭЗ былі і ёсьць накіраваныя на зьмену паводзінаў Лукашэнкі. Некаторыя — былі. І можна сказаць, што яны сапраўды не спарадзілі ў яго жаданьня вызваліць палітвязьняў.
Аднак значная частка санкцыяў была ўведзеная, каб абмежаваць яго магчымасьці, скажам, захопліваць самалёты заходніх авіякампаніяў, ці магчымасьці расейскага ВПК вырабляць ракеты і танкі.
І ў сэнсе абмежаваньня магчымасьцяў санкцыі даволі эфэктыўныя.
Калі б санкцыяў не было, у Расеі і Беларусі было б значна больш магчымасьцяў больш эфэктыўна весьці вайну супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што атрымае і што страціць Беларусь ад шостага пакету санкцыяў Эўразьвязу? Тлумачыць экспэртка— Крытыкі санкцыяў часам кажуць, што санкцыйны ціск на Лукашэнку «ўціскае» Беларусь, беларускую эканоміку ў Расею. У выніку санкцыяў таварныя і фінансавыя патокі зь Беларусі перанакіроўваюцца на Расею, што паглыбляе залежнасьць ад яе. Гэта не аргумэнт у эўрапейскіх спрэчках пра санкцыі?
— Гэта аргумэнт. І гэта даволі цяжкі выбар. Але тое, што Лукашэнка ссоўваецца ў бок Расеі, адбываецца ня толькі з прычыны заходніх санкцыяў. Яму і бязь іх асабліва няма куды падзецца, акрамя Расеі. Калі ў беларускіх турмах будуць сядзець тысячы чалавек, калі Беларусь будзе падтрымліваць агрэсію РФ ва Ўкраіне, калі патокі мігрантаў будуць скіраваныя на штурм межаў ЭЗ, то для ЭЗ будзе другасным пытаньнем, хто валодае нейкім беларускім заводам — беларус ці расеец.
Калі б санкцыяў не было, Лукашэнка ўсё роўна супрацоўнічаў бы з Расеяй і ствараў праблемы Эўразьвязу, бо ён ня можа эфэктыўна кіраваць краінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым могуць скончыцца «жарты» Лукашэнкі. Тлумачыць экс-прадстаўнік NATO— Што зробіць Лукашэнка ў адказ на гэты апошні пакет санкцыяў? Як вы думаеце (ці ведаеце), што думаюць у ЭЗ наконт гэтага? У 2021 годзе тагачасны кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей казаў: калі вы будзеце ціснуць на нас санкцыямі, мы зьнішчым грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Што абяцалі, тое і зрабілі. 1300 грамадзкіх арганізацыяў былі ліквідаваныя за 2 гады.
Што цяпер можа зрабіць Лукашэнка? Учыніць чарговы мігранцкі крызіс, выпусьціць ці натхніць вагнэраўцаў на «экскурсію ў Жэшаў і Варшаву», перакрыць транзыт? Перакрыць транзыт Польшча пагражае са свайго боку.
— Варыянты за яго ў ЭЗ лічылі. Але ўсё, што вы апісалі ў сваім пытаньні, Лукашэнка ўжо рабіў і робіць: зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, утрыманьне ў Беларусі вагнэраўцаў, правакаваньне міграцыйнага крызісу. Крызіс, дарэчы, ня скончыўся, мігранты пры дапамозе беларускіх памежнікаў і цяпер спрабуюць перасекчы мяжу.
Таму няма страху перад тым, што Лукашэнка будзе працягваць рабіць тое, што ён і так робіць. Ён пагражае вагнэраўцамі, але ўсе ведаюць, што вайсковыя магчымасьці вагнэраўцаў у Беларусі досыць абмежаваныя. Межы Польшчы і Літвы зь Беларусьсю вельмі добра ахоўваюцца. І вялікай ваеннай пагрозы для гэтых краінаў вагнэраўцы не ўяўляюць.
Што тычыцца ўнутранай сытуацыі, то Лукашэнка зьнішчае грамадзянскую супольнасьць ня толькі ў адплату за санкцыі. Ён гэта робіць таму, што баіцца паўтарэньня 2020 году. Пагатоў, набліжаюцца чарговыя выбары.