Пасьля вылучэньня кніг Украіны ў асобную клясыфікацыю бібліятэка будзе пераглядаць беларускую частку клясыфікацыі, паведаміў бібліятэкар Ігар Іваноў, які супарцоўнічае са Скарынаўскай бібліятэкай у Лёндане, стваральнік выдавецтва Skaryna Press.
«Бібліятэка Кангрэсу паведаміла, што пераглядзела клясыфікацыю ўкраінскага разьдзелу — вылучыла ў асобны ад СССР/Расеі разьдзел (з DK508 у DK5001-5995) і больш адэкватна і поўна расьпісала пэрыядызацыю гісторыі, культуры і г.д. На чарзе ў іх — Беларусь. Яе таксама вылучаюць у асобны ад СССР/Расеі разьдзел (з DK507 у DK2001-2995). Цяпер яны шукаюць спэцыялістаў для супрацы ў гэтай справе», — напісаў Ігар Іваноў.
Бібліятэка Кангрэсу — адначасова і нацыянальная бібліятэка ЗША, адна з найбуйнейшых бібліятэк агулам у сьвеце. Яе заснавалі ў 1800 годзе ў Вашынгтоне.
Яна зьяўляецца навуковай бібліятэкай Кангрэсу ЗША, абслугоўвае ўрадавыя органы, дасьледчыя ўстановы, навуковых супрацоўнікаў, прыватныя фірмы і прамысловыя кампаніі, школы. Адмысловы аддзел Бібліятэкі Кангрэсу займаецца афармленьнем аўтарскіх правоў.
Зь бібліяграфічных выданьняў бібліятэкі Кангрэсу найбольш значныя — «Нацыянальны зводны каталёг» («The National Union Catalog»), які выходзіць з 1958 году штомесяц, і зводны каталёг кніг, які захоўваюцца ў бібліятэках ЗША, паведамляе bellit.info.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш асноўны чытач і слухач застаецца ў Беларусі». Размова з кіраўніком бібліятэкі «Камунікат» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз грантаў і офісу на Мангэтане. Як беларусы замежжа папулярызавалі сваю культуру за паўвека да YouTube і TikTok