Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у чацьвер заклікаў неадкладна вызваліць прэзыдэнта Нігеру Махамэда Базума, зрынутага на мінулым тыдні ў выніку вайсковага перавароту.
У заяве Байдэна гаворыцца, што Нігер «сутыкнуўся з сур’ёзным выклікам дэмакратыі», піша «Голас Амэрыкі».
«Народ Нігеру мае права абіраць сваіх лідэраў. Ён выказаў сваю волю на свабодных і сумленных выбарах — і гэтую волю трэба паважаць», — заявіў Байдэн.
Генэрал Амар Чыяні, які стаяў на чале дзяржаўнага перавароту ў Нігеры, абвясьціў сябе прэзыдэнтам пераходнага пэрыяду.
Заяву ён зрабіў у эфіры нацыянальнай тэлевізіі. Зрынуты прэзыдэнт краіны Махамэд Базум застаецца пад аховай у сваёй рэзыдэнцыі.
Міністры абароны Эканамічнай супольнасьці заходнеафрыканскіх краін ECOWAC правядуць у суседняй Нігерыі другі дзень перамоваў, прысьвечаных сытуацыі ў Нігеры.
29 ліпеня Францыя і кіраўніцтва ЭЗ абвясьцілі, што прыпыняюць фінансавае падтрыманьне Нігеру і супрацу зь ім у сфэры бясьпекі. Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль падкрэсьліў, што Брусэль не прызнае самаабвешчаную новую ўладу Нігера і па-ранейшаму лічыць законным прэзыдэнтам краіны дэмакратычна абранага Махамэда Базума.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што далейшая дапамога Вашынгтона Нігеру будзе залежаць ад захаваньня ў гэтай афрыканскай дзяржаве дэмакратычнага кіраваньня і канстытуцыйнага ладу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: Ваенны пераварот у Нігеры можа быць у інтарэсах Расеі