Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў аб датычнасьці ўкраінскіх спэцыяльных службаў да двух падрываў Крымскага мосту.
«Мы пэрыядычна ня тое што пацьвярджаем, а мы гучна пацьвярджаем сваімі дзеяньнямі. Нашыя вайскоўцы ставяць на месца недатыкальнасьць шматлікіх аб’ектаў, якія ў Расеі лічыліся абароненым на 100 адсоткаў. Гэта Крымскі мост, пра які казалі прадстаўнікі нашай Службы бясьпекі і бралі ўдзел у першым і другім выпадку. Гэта тая сытуацыя, пра якую казаў прэзыдэнт Украіны, — што вайна вернецца на тэрыторыю Расеі», — сказаў Аляксей Данілаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
У той жа час Аляксей Данілаў не прызнаў датычнасьці украінскіх спэцслужб да атакі на міжнародны бізнэс-цэнтар "Масква-Сіці". Ён дадаў, што да атак дронамі ў Расеі датычныя расейскія партызаны.
На пытаньне журналіста аб тым, што даляцела да Масквы, сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны адказаў: «Нешта даляцела».
У ліпені кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк упершыню заявіў ад датычнасьці сваіх супрацоўнікаў да падрыву мосту ў кастрычніку 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ ўпершыню прызнала сваё дачыненьне да атакі на Крымскі мост у 2022 годзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбух на Крымскім мосьце. Два чалавекі загінулі, рух транспарту спыніўся. ФОТА